„Цмокі” перамаглі „Лакаматыў-Кубань”!
Бліскучай вікторыі дамогся беларускі баскетбольны клуб „Цмокі-Менск” у розыгрышы Лігі ВТБ. У чарговым паядынку менчукі прымалі на сваёй пляцоўцы аднаго з лідараў турніру – краснадарскую каманду „Лакаматыў-Кубань”.
Пасля паловы сустрэчы наперадзе былі госці – 39:34. Аднак каманда Аляксандра Круцікава замагалася з рэдкасным настроем і за 6 хвілін да заканчэння была наперадзе на 13 пунктаў – 67:54. Аднак дасведчаныя супернікі здолелі ў канцоўцы параўняць лік і перавесці гульню ў авертайм.
Дадатковую пяціхвілінку „Цмокі” пачалі з двух дакладных далёкіх кідкоў. У кульмінацыйны момант спаткання беларуская каманда вытрымала ціск суперніка і ўрэшце перамагла 88:84.
Найбольш выніковым у складзе „Цмокаў” у гэты дзень стаў легіянер Дэван Сэдлер – 22 ачкі. Менскі клуб дамогся 6-й вікторыі ў бягучым розыгрышы і ўвайшоў у васьмёрку мацнейшых на гэты дзень.
Беларускае Радыё Рацыя