ЦСКА не звольніць Ганчарэнку да канца сезона
Кіраўніцтва ЦСКА мае намер пакінуць Віктара Ганчарэнку на пасадзе галоўнага трэнера да канца дзеяння кантракту. Пагадненне з беларускім спецыялістам мінае летам 2021 года.
У выпадку выхаду армейцаў у Лігу чэмпіёнаў кантракт можа быць прадоўжаны. Ганчарэнка ўзначальвае маскоўскую каманду са снежня 2016 года. Пад яго кіраўніцтвам чырвона-сінія заваявалі Суперкубак Расеі і двойчы сталі сярэбранымі прызёрамі РПЛ. У бягучым чэмпіянаце Расеі ЦСКА пасля 23-х тураў займае 3-е месца і адстае ад лідара „Зеніта” на 8 ачкоў.
Паступілі ў продаж білеты на матч Беларусь – Гандурас
На сайце ticketpro.by стартаваў продаж квіткоў на таварыскі матч зборных Беларусі і Гандураса. Цана ад 4 да 6 рублёў. Сустрэча пройдзе ў Жодзіне на стадыёне „Тарпеда” 24-га сакавіка. Пачатак у 20.00. З-за каронавіруса трыбуны могуць быць запоўненыя не больш, чым на 30 адсоткаў. Зборная Гандураса цяпер у сусветным рэйтынгу займае 64-е месца. Беларусь пакуль размяшчаецца на 88-м радку.
Міка Зібанежад набраў шэсць ачкоў за перыяд і паўтарыў рэкорд НХЛ
„Рэйнджэрс” у матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ абыгралі „Філадэльфію” з лікам 9:0. Форвард Міка Зібанежад набраў 6 (3+3) ачкоў у другім перыядзе, паўтарыўшы рэкорд НХЛ па колькасці ачкоў за адну 20-хвілінку. Першым гэта зрабіў Браян Трацье ў 1978 годзе. Пры гэтым Зібанежад набраў 6 ачкоў на 1 хвіліну 34 секунды хутчэй, чым гэта зрабіў Трацье. У бягучым сезоне 27-гадовы швед правёў 28 матчаў у НХЛ, у якіх набраў 17 (6+11) ачкоў.
Нігерыйскі паўабаронца Джозэф Акаро стаў гульцом „Гомеля”
20-гадовы нігерыйскі паўабаронца Джозэф Акаро стаў гульцом „Гомеля”. Тэрмін пагаднення – да канца сезона, паведамляе афіцыйны сайт „зялёна-белых”. З красавіка 2019 года футбаліст выступаў за юнацкую каманду кіеўскага „Дынама”, у складзе якой правёў 14 матчаў і забіў 2 галы.
Больш за палову каманд другога дывізіёна пратэстуюць супраць рашэння аб’яднаць яе з першынствам вобласці
Напярэдадні інсайдар Мікалай Іваноў размясціў у сваім тэлеграм-канале дакументы, якія сведчаць аб рашэнні БФФ прыняць на ўзбраенне новую формулу правядзення спаборніцтваў у другой лізе. Згодна з ёй, плануецца аб’яднаць другую лігу (Д3) і чэмпіянаты абласцей (Д4) у адзінае спаборніцтва. Аднак каманды, якія выступалі ў Д3 у 2020 годзе выказваюцца супраць такога рашэння і напісалі адкрыты ліст у адрас АБФФ. Гэты ліст падпісалі 10 клубаў з 19.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: pressball.by