ЦСКА вылецеў з Лігі Еўропы
ЦСКА беларускага трэнера Віктара Ганчарэнкі здабыў у Маскве нічыю з балгарскім «Лудагорцам». Сустрэча прайшла ў межах пятага тура групавога этапу Лігі Еўропы УЕФА. «Армейцы», прапусціўшы на 66-й хвіліне, змаглі адыграцца праз дзевяць хвілін. Больш каманды гледачоў забітымі мячамі не цешылі. Вынік – 1:1. ЦСКА страціў шанцы выйсці з групы. Больш за тое, расейцы не падымуцца вышэй за чацвёртае месца.
У гэтай жа групе Н «Ферэнцвараш» Мікалая Сігневіча ў Будапешце не змог утрымаць вікторыю над «Эспаньёлам» – 2:2. Беларус выйшаў на замену на 83-й хвіліне. «Краснадар» капітана нацыянальнай зборнай Беларусі Аляксандра Мартынавіча ў родных сценах перайграў «Базэль» – 1:0. Наш зямляк адыграў увесь матч і атрымаў жоўтую картку. Расейскі клуб у цяперашні час знаходзіцца на трэцім месцы, маючы аднолькавую колькасць ачкоў (па 9) з іспанскім «Хетафе». Менавіта ў вочным паядынку паміж сабой (сустрэча пройдзе на Апенінах) каманды даведаюцца, хто з іх выйдзе ў плэй-оф.
Святкавала перамогу (адзіную пакуль на групавой стадыі») і каманда беларускага зборніка Івана Маеўскага – «Астана». На вачах сваіх заўзятараў казахстанская дружына ўзяла верх над «Манчэстэр Юнайтэд» – 2:1. У актыве нашага футбаліста ўвесь матч.
Беларускія футбалісты ў Казахстане не будуць лічыцца легіянерамі
Беларускія футбалісты перастануць лічыцца легіянерамі ў Казахстане, піша by.tribuna.com. Выканкам Казахстанскай федэрацыі футбола вырашыў адмяніць статус «невыхаванца казахстанскага футбола» для футбалістаў – грамадзян краін, якія ўваходзяць у Еўразійскі эканамічны саюз.
«Дынама-Маладзечна» абыграла ў жлобінскі «Металург»
Хакеісты маладзечанскага «Дынама» абыгралі жлобінскі «Металург» у хатнім матчы чэмпіянату Беларусі з лікам 2:1. Вырашальную шайбу ў трэцім перыядзе закінуў у брамку галкіпера жлобінцаў Уладзіслава Дзмітрыева нападнік «зуброў» Мікіта Феактыстаў. У іншых матчах чэмпіянату Беларусі гарадзенскі «Нёман» саступіў салігорскаму «Шахцёру» – 0:1. Менскае «Юнацтва» перамагло «Гомель» – 4:1.
Расейскі спецыяліст папоўніў трэнерскі штаб зборнай Беларусі па хакеі
Расейскі спецыяліст Міхаіл Кравец, які з’яўляецца настаўнікам клуба КХЛ «Віцязь», папоўніў трэнерскі штаб зборнай Беларусі па хакеі, паведамілі ў прэс-службе Федэрацыі хакея Беларусі. Да таго, як стаць на чале падмаскоўнага «Віцязя», Кравец працаваў у сістэме санкт-пецярбургскіх «Спартака» і СКА, быў асістэнтам галоўнага трэнера ХК «Сочы», затым працаваў у клубах МХЛ і ВХЛ. На старце бягучага сезону КХЛ падмаскоўная каманда, выйграўшы 10 матчаў запар, доўгі час узначальвала турнірную табліцу Заходняй канферэнцыі. Цяпер «Віцязь» займае 6-е месца і ўпэўнена ідзе ў зоне плэй-оф.
Менскае «Дынама» падпісала кантракт з канадскім брамнікам
Хакейны клуб «Дынама-Менск» падпісаў кантракт з канадскім брамнікам Дэні Тэйларам, паведамляе прэс-служба клуба. Пагадненне разлічанае на два сезоны. Канадзец прыбыў на прагляд у клуб на пачатку лістапада і паспеў правесці адну гульню. Па выніках прагляду клуб вырашыў падпісаць з ім паўнавартасны кантракт. Тэйлар ужо гуляў у менскім «Дынама» ў сезоне 2014/2015 гадоў. У тым сезоне канадскі галкіпер забяспечыў дынамаўцам 9-матчавую пераможную серыю на ключавым адрэзку ў снежні. Акрамя «Дынама» канадзец выступаў у «Лос-Анджалесе», «Калгары», «Атаве», «Гамбургу», «Ферʼестадзе», «Медзвяшчаку», «Спарце» і «Сібіры».
Ганчароў лідаруе ў кваліфікацыі Чэмпіянату свету па скачках на батуце ў Токіо
Беларус Уладзіслаў Ганчароў лідаруе пасля кваліфікацыйных стартаў чэмпіянату свету па скачках на батуце ў індывідуальных стартах у мужчын. Спаборніцтвы праходзяць у Токіо. Па выніках двух практыкаванняў спартовец набраў 115,44 бала. Што тычацца астатніх беларусаў, то Алег Рабцаў займае 8-е месца, а вось Аляксей Дудараў знаходзіцца на 25-м радку выніковага пратаколу. Па выніках каманднай кваліфікацыі беларусы ідуць другімі. У жаночых індывідуальных стартах сітуацыя не гэтак спрыяльная для беларускіх спартовак. Лепшая з іх Ангеліна Хацян займае 37-е месца, Валянціна Багамолава – 40-я, а Марыя Махарынская з-за памылкі ў другім практыкаванні заняла 70-е месца.
Беларускае Радыё Рацыя