Цудоўнае ўратаванне Чэхіі
Матч Швецыі з Італіяй у квартэце „Е” можна смела запісваць у рэестр антыфутболу. Ад скандынаваў нічога іншага і не чакаецца на гэтым турніры. Дастаткова сказаць, што за дзве сустрэчы „трэ крунур” так і не здзейсніла аніводнага ўдару па браме супернікаў. А хвалёны Златан Ібрагімавіч зноў не прадэманстраваў нічога неардынарнага. У шэрагах “блакітнай эскадры” таксама няма зараз сапраўднага “фантазісты”. Але апенінцы ўмеюць выціскаць максімум і з таго, што маюць. Вось і ў гэтай сустрэчы італійцы, якіх па вялікім рахунку задавальняла і нічыя, у канцоўцы актывізаваліся. Спярша Марка Парола трапіў у металічны каркас брамы, а потым нечакана з ценю выйшаў Эдэр. Натуралізаваны бразілец здзейсніў слаламны праход у штрафную і не пакінуў шанца брамніку Ісаксану. Ішла 88-я хвіліна. Варта дадаць яшчэ пра тое, што галкіпер Джанлуіджы Буфон працягвае перапісваць кнігу рэкордаў Еўра. Цяпер з улікам адборавых сустрэч у яго 56 праведзеных матчаў, з якіх ажно 30 (!) на нуль. У намінацыі фінальных турніраў Буфон абыйшоў суайчынніка Дзіна Дзоффа – цяпер у турынца ужо 7 “сухароў”. Больш толькі ў іспанца Ікера Касільяса – 9 і галяндца Эдвіна ван дэр Сара – 10.
Італія-Швецыя-1:0 (Эдэр Марцінс, 88).
Зусім іншы характар мела другая сустрэча дня – Харватыя-Чэхія ў Сэнт-Эцьене. Тут быў зафіксаваны пакуль найбольш выніковы матч Еўра. Балканцы выдатна падрыхтаваліся да турніру, таму ня дзіва, што на браму Петэра Чэха адразу абрынуўся шквал атак. Чэхі цягам першага тайму не маглі нават перавесці дух. Гол Івана Перышыча, выкананы на класе, быў надзвычай лагічным і арганічна лёг у канву паядынку. У другой палове чэхаў зноў адправілі ў накдаўн – тэхнічным эцюдам парадаваў эстэтаў Іван Ракіціч – 2:0. Трэці мяч мог забіваць Манджукіч. Здавалася б выхаванцаў Павала Врбы чакае разгром. Але айсберг нечакана перавярнуўся. На 76-й хвіліне Томаш Расіцкі тэхнічна выразаў мяч у штрафную, а рэзервіст Мілан Шкода з паветра галавой па ўзорнай траекторыі даслаў яго ў сетку. Пасля наступіў экстранны перапынак – гэта нашкодзілі безгаловыя фанаты “шахматных”, закідаўшы поле петардамі. Такая непатрэбная паўза сталася фатальнай для харватаў. Яны згубілі пільнасць і Дамагой Віда неасцярожна згуляў у сваёй штрафной рукой. Пенальці ўпэўнена выканаў Томаш Нецыд – нічыя 2:2. Дадам, што чэхі рэалізавалі на еўрачэмпіянатах ажно 23-і пенальці запар (3 у гульні і 20 пасляматчавых!).
Чэхія-Харватыя-2:2 (Мілан Шкода, 76, Томаш Нецыд, 90, з пенальці; Іван Перышыч, 37, Іван Ракіціч, 59).
Позна ўвечары чэмпіёны кантыненту іспанцы ў Ніцы давалі майстар-клас зборнаму атраду Турцыі. План Імператара Фаціха Тэрыма відавочна не спрацаваў. Зрэшты, мала хто зараз у Еўропе можа супрацьдзеіць на роўных “чырвонай фурыі”. Дуэт форвардаў Марата-Наліта напоўніцу апраўдаў крэдыт даверу, выданы ім Вісэнтэ Дэль Боске. Першы дубль на чэмпіянаце аформіў Альвара Марата. Іспанцы яшчэ раз паказалі, хто галоўны фаварыт першынства, а Андрэс Ін’еста пацвердзіў статус лепшага плэймейкера планеты.
Іспанія-Турцыя-3:0 (Альвара Марата, 34, 48, Наліта, 37).
Становішча ў групе “D”: Іспанія – 6 ачкоў, Харватыя – 4, Чэхія – 1, Турцыя – 0.
Трыма матчамі ў суботу завершыцца праграма 2-га туру. Першымі ў Бардо будуць біцца Бельгія і Ірляндыя з групы “Е”. Агульны баланс іх спатканняў адлюстроўвае амаль парытэт. На чэмпіянаце Еўропы ў адборы раней былі дзве нічыі. “Чырвоным д’яблам” пасля паказальнай паразы ад італійцаў адступаць няма куды. Рулявы бельгійцаў Марк Вільматс напэўна правядзе пэўную ратацыю кадраў.
Дыспазіцыя групы “Е”: Італія – 6 пунктаў (2 гульні), Ірляндыя – 1 (1), Швецыя – 1 (2), Бельгія – 0 (1).
Далей у Марсэлі выйдуць на поле ісляндцы з венграмі. Прагназую, што астравіцяне прадэманструюць больш разнастайную гульню, чым у паядынку з Партугаліяй, супернік па стылю зараз у іх зручнейшы. Што датычыць мадзьяраў – то іх стаўкі неверагодна выраслі – вікторыя падначаленых нямецкага трэнера Бернда Шторка датэрмінова выведзе Венгрыю ў плэй-оф.
Закальцуюць тур перад ноччу ў Парыжы Партугалія і Аўстрыя. У альпійцаў пэўныя праблемы з ростэрам – абаронец Аляксандар Драгавіч дыскваліфікаваны, а Златка Юнузавіч траўмаваны. Ёсць адчуванне, што Крышціяну Раналду не пакіне на гэты раз поле без голу.
Становішча ў групе “F”: Венгрыя – 3 ачкі, Ісляндыя і Партугалія – па 1, Аўстрыя – 0.
Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя