Турнэ „зуброў” па Расеі: 12 ачкоў з 12-ці!



Хакеісты менскага „Дынама” паспяхова завяршылі сваё чатырохматчавае турнэ па Расеі ў рамках розыгрышу Кантынентальнай Хакейнай Лігі. Чарговай ахвярай „зуброў” у пятніцу стаў ніжневартаўскі „Нафтахімік”. Гэтую каманду флагман беларускага хакею адолеў з лікам 4:2. Прычым сцэнар гульні на гэты раз быў зусім іншы – „бела-блакітныя” не адыгрываліся, а самы цэлы час дыктавалі ўмовы.

Ужо на 2-й хвіліне Нік Бэйлен адкрыў лік, на 8-й пасля перадачы галкіпера Бена Скрывенса на брамніка суперніка выкацілася ажно тройка менчукоў – Артур Гаўрус ня стаў пасаваць і сам даслаў шайбу ў сетку. Пасля гэтага Двурэчанскі адну шайбу адыграў. У другім перыядзе зноў голавым пасам вызначыўся брамнік „зуброў” Скрывенс – завяршыў ўдала ў падзенні адрыў Роб Клінкхамер – 3:1. Але вельмі хутка Двурэчанскі аформіў дубль і зноў скараціў адставанне гаспадароў да мінімума. У заключнай трэці дынамаўцы забілі чацвёрты раз – сапраўдны акрабатычны эцюд выканаў Гаўрус, клюшкай у падзенні пераправіўшы шайбу ў брамку. Усе далейшыя высілкі „Нафтахіміка” сталіся марнымі.

Такім чынам менскае „Дынама” у чатырох выяздных матчах набрала максімальныя 12 ачкоў (клубны рэкорд у КХЛ!), з улікам адной хатняй вікторыі яго пераможная серыя складае ўжо 5 матчаў.

Пасля 12 праведзеных матчаў „бела-блакітныя” набралі 25 ачкоў і займаюць 7-е месца ў Заходняй канферэнцыі. Пры тым па страчаных пунктах дынамаўцы ўвогуле на трэцяй пазіцыі.

Беларускае Радыё Рацыя