Таронта: Азаранка прайшла першы раўнд, Сабаленка прайграла



Другая ракетка Беларусі Вікторыя Азаранка адолела італьянку Камілу Георгі ў першым раўндзе турніру ў Таронта – 6:2, 6:2. За васемнаццаць геймаў Віка нязмушана памылілася ўсяго пяць разоў. У другім раўндзе турніру Азаранка згуляе з украінкай Даянай Ястрэмскай. Першая ракетка Беларусі Арына Сабаленка не змагла прабіцца ў другі раўнд. У матчы стартавага раўнда наша суайчынніца саступіла расейцы Анастасіі Паўлючэнкавай – 6:3, 3:6, 5:7.

Менскае «Тарпеда» здымаецца з чэмпіянату Беларусі.

Сталічная каманда апавясціла Беларускую федэрацыю футбола аб спыненні выступаў у элітным дывізіёне. Сваё рашэнне дырэктар «аўтазаводцаў» Андрэй Салангін сфармуляваў ў афіцыйным лісце. У тэксце заявы падкрэсліваецца, што «Тарпеда» дабраахвотна адмаўляецца ад далейшых выступаў у сувязі з фінансавымі праблемамі. У суботнім матчы Кубка Беларусі па футболе менскае «Тарпеда» прайграла БАТЭ з лікам 1:8. Пасля чаго галоўны трэнер сталічнай каманды Уладзімір Нявінскі адзначыў, што «Тарпеда» свой шлях скончыла. У чэмпіянаце ў 16 турах каманда здабыла ўсяго адну перамогу над «Іслаччу» у другім туры і забіла ўсяго чатыры галы.

Кіеўляне прайгралі першы матч «Бруге»

Кіеўскае „Дынама”, якім кіруе беларускі спецыяліст Аляксандр Хацкевіч, пацярпела паразу ад „Бруге” у першым матчы 3-га кваліфікацыйнага раўнду Лігі чэмпіёнаў. Лік сустрэчы 0:1 – адзіны гол з пенальці забіў Ванакен на 37-й хвіліне. Сустрэча ў адказ пройдзе 13 жніўня ў Кіеве.

Лепшы футбаліст Беларусі – 2017 года перайшоў у берасцейскае «Дынама»

Паўабаронца зборнай Беларусі Міхаіл Гардзяйчук папоўніў склад берасцейцаў на правах вольнага агента і падпісаў кантракт да канца 2020 года. Некалькі дзён таму казахстанскі футбольны клуб «Табол» з горада Кастанай і беларускі паўабаронца Міхаіл Гардзяйчук прынялі рашэнне аб скасаванні кантракту па ўзаемнай згодзе. У складзе кастанайскага клуба Міхаіл правёў 20 матчаў і забіў 3 галы.

Беларускі паўабаронца больш за ўсё вядомы сваімі выступамі за асноўнага канкурэнта «Дынама-Берасце» – БАТЭ, з якім ён стаў 6-разовым чэмпіёнам краіны, уладальнікам аднаго кубка і трох Суперкубкаў Беларусі. Дарэчы, цяпер у Берасці гуляе чатыры футбалісты, якія раней паспяхова выступалі за БАТЭ. Гэта Павел Няхайчык, Аляксандр Гутар, Сяргей Крывец і цяпер Міхаіл Гардзяйчук. Раней трэнер каманды Марцэл Лічка казаў, што «Дынама» хоча ўзмацніцца гульцамі ўзроўню цяперашняга капітана БАТЭ Ігара Стасевіча.

Васілевіч паспрабуе прабіцца ў аснову БАТЭ

Малады беларускі форвард Ілля Васілевіч падпісаў гадавы кантракт з БАТЭ. Пакуль футбаліст трэніруецца з дублем барысаўчан і набірае форму пасля паўтарамесячнага перапынку, звязанага з нескладаным пашкоджаннем бакавой звязкі калена. Трэнер дубля чэмпіёна Кірыл Альшэўскі добра ведае магчымасці і патэнцыял Іллі, бо яшчэ нядаўна працаваў з ім у Акадэміі і юнацкіх зборных краіны. Спецыяліст спадзяецца падрыхтаваць нападніка „пад аснову” барысаўчан ужо да студзеня, да пачатку падрыхтоўкі да наступнага сезона.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя