У Аргенціне аб’яўлена трохдзённая жалоба па Марадону



Аргенцінскія СМІ паведамілі пра смерць знакамітага футбаліста Дыега Марадоны. Яму было 60 гадоў. Раней у яго дыягнаставалі субдуральную гематому.

Былы лідар зборнай Аргенціны перанёс тэрміновую аперацыю на галаўным мозгу ў пачатку лістапада, якая прайшла паспяхова. Па дадзеных выдання Clarin, прычынай смерці Марадоны стала раптоўнае спыненне сэрца. Ён памёр у сваім доме на поўначы правінцыі Буэнас-Айрэс. Паведамляецца, што да дома прыехалі тры машыны хуткай дапамогі, але выратаваць футбаліста не ўдалося.

Прэзідэнт Аргенціны абвясціў трохдзённую жалобу ў сувязі са смерцю Марадоны. Матчы футбольных Лігі чэмпіёнаў напярэдадні пачыналіся з хвіліны маўчання. Дыега Марадона гуляў на пазіцыях атакуючага паўабаронцы і нападніка ў клубах «Архенцінос Хуніёрс», «Бока Хуніёрс», «Барселона», «Напалі», «Севілья» і «Ньюэлс Олд Бойз». Правёў 91 матч і забіў 34 галы ў складзе зборнай Аргенціны.

Чэмпіён свету 1986 года і яго лепшы гулец.  Лепшы футбаліст XX стагоддзя па галасаванні на афіцыйным сайце ФІФА, дзе ён набраў 53,6% галасоў. Займае другое месца сярод лепшых гульцоў XX стагоддзя па версіі часопіса France Football.

Аўтар гола ў браму зборнай Англіі, які атрымаў назву «Гол стагоддзя» і прызнанага лепшым голам у гісторыі чэмпіянатаў свету; у той жа гульні забіў мяч рукой, гэты выпадак вядомы як «Рука Бога».

„Лакаматыў” Лісаковіча згуляў унічыю з „Атлетыка”

Футбалісты маскоўскага „Лакаматыва” згулялі ўнічыю з мадрыдскім „Атлетыка” ў гасцявым матчы Лігі чэмпіёнаў — 0:0. Сустрэча ў іспанскай сталіцы прайшла з перавагай гаспадароў поля, але рэалізаваць яе яны не змаглі. У папярэднім туры гэтыя каманды сустракаліся ў Маскве і таксама разышліся мірам – 1:1. Беларускі нападнік „Лакаматыва” Віталь Лісаковіч ў матчах з „Атлетыка” не гуляў. У іншым паядынку чацвёртага тура групы А нямецкая „Баварыя” перамагла ў Мюнхене аўстрыйскі „Зальцбург” з лікам 3:1.

У квартэце В данецкі „Шахцёр” у нямецкім Менхенгладбасе прайграў мясцовай „Барусіі” з лікам 0:4. У Мілане футбалісты мадрыдскага „Рэала” выйгралі ў італьянскага „Інтэра” – 2:0.

У групе С англійскі „Манчэстэр Сіці” адолеў у Пірэе грэцкі „Алімпіякас” з лікам 1:0. Партугальскі „Порту” перамог французскі „Марсэль” – 2:0.

У квартэце D англійскі „Ліверпуль” нечакана саступіў на сваёй арэне італьянскай „Аталанце” 0:2. Нідэрландскі „Аякс” абыграў у Амстэрдаме дацкі „Мідт’юланн”  – 3:1.

Хакеісты „Юнацтва”  абыгралі „Металург-Жлобін” у матчы чэмпіянату Беларусі

Хакеісты „Юнацтва”  святкавалі валявую перамогу над „Металург-Жлобін” у матчы чэмпіянату Беларусі. Паядынак завяршыўся на карысць каманды Аляксандра Макрыцкага з лікам 5:4, хаця яшчэ ў другім перыядзе сталічныя хакеісты прайгравалі з лікам 2:4, але здолелі ў трэцім перыядзе закінуць тры шайбы і не прапусціць ніводнай.

Беларускія баксёры саступілі іспанцам на міжнародным турніры памяці Віктара Лівенцава

Беларускія баксёры саступілі іспанцам на міжнародным турніры памяці Віктара Лівенцава, які працягваецца ў сталічным Палацы спорту. Матч завяршыўся з лікам 2:5. Перамог у складзе беларускай дружыны дамагліся Вольга Лушчык у вазе 51 кг, якая прымусіла капітуляваць Лауру Фуэртес-Фернандэс, і Максім Панькоў (у вазе 57 кг). Атлет з Гомельскай вобласці перамог Антоніа Барыла-Фернандэса.

Нягледзячы на паразу, беларуская дружына ўтрымлівае лідарства, набраўшы 48 ачкоў. У каманды Украіны, якая ідзе следам, 29 пунктаў. На трэцім месцы французы – 23 ачкі. У зборнай Іспаніі на рахунку 19 ачкоў.

Гандбалісткі „Бярэсця” згуляюць з „Галычанкой” у 1/8 фіналу Кубка ЕГФ

Беларускія гандбольныя клубы даведаліся супернікаў у розыгрышы Кубка ЕГФ. У 1/8 фіналу жаночага турніру берасцейскі клуб „Бярэсце” двойчы сустрэнецца з украінскай „Галычанкай” са Львова. Першы матч за выхад у чвэрцьфінал павінен адбыцца ў Берасці 9 або 10 студзеня, матч у адказ – 16 або 17 студзеня ў Львове. У 1/16 фіналу „Бярэсце” адолеў па суме дзвюх сустрэч косаўскую „Істогу” (30:33 і 32:28), а „Галычанка” двойчы абыграла паўночнамакедонскую каманду „Куманава” (33:17 і 31:26).

У 1/16 фіналу мужчынскіх спаборніцтваў гандбалісты магілёўскага клуба „Машэкі” таксама ў пачатку студзеня сустрэнуцца з расійскім „Саратавам”.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: AP Photo/Gustavo Garello