У Арзамасавай знайшлі допінг



У допінг-пробе беларускі Марыны Арзамасавай выяўлена забароненае рэчыва, паведамляецца на сайце AIU – незалежнага органа па кантролі за выкананнем антыдопінгавых правілаў. У допінг-пробе 31-гадовай лёгкаатлеткі выяўлена забароненае рэчыва LGD-4033 – адзін з селектыўных мадулятараў андрагенных рэцэптараў. Як паведамляе Sputnik, цяпер спартоўка часова адхіленая ад спаборніцтваў. Беларуска выйграла золата Чэмпіяната свету ў Пекіне ў 2015 годзе ў бегу на 800 метраў, годам раней яна стала першай на чэмпіянаце Еўропы ў Цюрыху на гэтай жа дыстанцыі. Год таму спартоўка ў другі раз стала маці і пасля гэтага не выступала на спаборніцтвах.

Шока не змог пазмагацца за медалі

Беларускі атлет Вадзім Шока, які выступае ў вагавай катэгорыі 73 кг, выбыў з медалёвай гонкі чэмпіянату свету па дзюдо, які праходзіць у Токіо. У першай сутычцы беларус быў мацней за партугальскага атлета Нуно Сараіва. У другім паядынку Вадзім прайграў азербайджанскаму атлету будучаму срэбранаму прызёру Рустаму Аруджаву і выбыў з медалёвай гонкі. На вышэйшую прыступку п’едэстала гонару ўзняўся японец Сехэй Яно. У жанчын чэмпіёнкай свету стала канадка Крысці Дзегучы (57 кг), якая перамагла ў фінальным паядынку японку Цукасу Есіду. Сёння за ўзнагароды сусветнага форуму пазмагаюцца мужчыны ў вагавой катэгорыі 81 кг і жанчыны – у 63 кг. Прадстаўнікоў ад Беларусі ў дадзеных катэгорыях няма.

«Нёман» сенсацыйна прайграў «Магілёву»

У рамках чэмпіянату Беларусі па хакеі скончыліся чарговыя матчы. Адзін з іх завяршыўся сенсацыйным вынікам – „Магілёў” святкаваў валявую перамогу над „Нёманам” з лікам 3:1. Дзеючыя чэмпіёны Беларусі хакеісты менскага „Юнацтва” перамаглі ў другім матчы запар, разграміўшы аўтсайдэра мінулага чэмпіянату „Ліду” з лікам 8:0.

«Краснадар» Мартыновіча не прайшоў у групавы раўнд Лігі чэмпіёнаў

Футбалісты расейскага „Краснадара” не змаглі прабіцца ў групавы этап Лігі чэмпіёнаў, двойчы саступіўшы грэцкаму „Алімпіякасу” у раўндзе плэй-оф. Пасля разгромнай паразы ў Пірэе 0:4 краснадарцы ў хатнім матчы адразу пайшлі наперад вялікімі сіламі і на 10-й хвіліне Данііл Уткін адкрыў лік. Аднак радасць гаспадароў поля была нядоўгай і праз хвіліну Юсэф Эль-Арабі аднавіў парытэт. У самым пачатку другога тайма ён жа забіў пераможны гол – 2:1. Беларускі абаронца „Краснадара” Аляксандр Мартыновіч не гуляў у матчах плэй-оф з-за траўмы. У групавы раўнд галоўнага кантынентальнага турніру акрамя „Алімпіякаса” таксама прабіліся сербская „Црвена Звезда” і харвацкае „Дынама”.

Хацкевіч можа замяніць Гурэнку ў «Дынама»

Аляксандр Хацкевіч, звольнены 14 жніўня з пасады галоўнага трэнера „Дынама” Кіеў, можа працягнуць кар’еру ў сваім родным клубе – менскім „Дынама”. Пра гэта стала вядома сайту „Динамомания”. Хацкевіч гатовы змяніць на трэнерскім мастку свайго былога партнёра па зборнай Беларусі – Сяргея Гурэнку, чыёй працай не вельмі задаволеныя новыя ўласнікі клуба. Менчукі вылецелі з Лігі Еўропы, саступіўшы латвійскай камандзе, прайгралі „Гарадзеі”. 1 верасня матч з гарадзенскім „Нёманам”, адмоўны вынік у якім можа прывесці да маментальнай змены трэнера.

Асноўным канкурэнтам экс-настаўніка кіяўлян называюць Алега Дулуба, былога коуча „Чарнаморца” і „Карпат”, які ўзначальвае зараз казахскі „Атырау”.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя