У Беларусі – 78-е месца ў рэйтынгу ФІФА
Зборная Беларусі займае 78-е месца ў першым у бягучым годзе рэйтынгу Міжнароднай федэрацыі футбола (ФІФА).
Папярэдні спіс нацыянальных футбольных зборных быў апублікаваны 20 снежня 2018 года. З таго часу беларуская каманда гульняў не праводзіла, але апусцілася на дзве пазіцыі і па-ранейшаму мае ў сваім актыве 1317 ачкоў. Бліжэйшыя матчы падапечныя Ігара Крывушэнкі правядуць у сакавіку, калі пачнецца адборачны турнір чэмпіянату Еўропы. У першым паядынку кваліфікацыйнай групы С беларусы 21 сакавіка сустрэнуцца ў Ратэрдаме са зборнай Нідэрландаў, а 24 сакавіка ў Белфасце згуляюць з камандай Паўночнай Ірландыі. У лютаўскім рэйтынгу ФІФА галандцы знаходзяцца на 14-м месцы, паўночныя ірландцы займаюць 36-ы радок. У астатніх сапернікаў беларускіх футбалістаў па адборачным турніры Еўра-2020 такія пазіцыі: Германія – 16, Эстонія – 96.
Топ-10 лютаўскага рэйтынгу ФІФА:
1. Бельгія – 1727 ачкоў,
2. Францыя – 1726,
3. Бразілія – 1676,
4. Харватыя – 1634,
5. Англія – 1631,
6. Партугалія – 1614,
7. Уругвай – 1609,
8. Швейцарыя – 1599,
9. Іспанія – 1591,
10. Данія – 1589.
З краін былога Савецкага Саюза вышэй за ўсіх знаходзіцца Украіна, у якой 30-е месца, гаспадар ЧС-2018 Расія займае 50-ю пазіцыю.