У Беларусі працягваюць затрымліваць вядомых спартоўцаў



 У Беларусі працягваецца націск на спартыўную супольнасць і асобных спартсменаў, якія падтрымалі прыхільнікаў перамен і адкрыта выступілі супраць сілавых дзеянняў уладаў.

Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку” паведаміў аб затрыманні 13 кастрычніка ў Менску шматразовай чэмпіёнкі Беларусі па тайскім боксе і К1, трохразовага бронзавага прызёра чэмпіянатаў Еўропы па муай-тай Аляксандры Сітнікавай. Сёння яе павінны судзіць за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

У жніўні спартсменка напісала на сваёй старонцы ў „Інстаграме”: „Я неверагодна ганаруся нашымі людзьмі! Яны мудрыя, моцныя і неверагодна добрыя, столькі ўзаемадапамогі і ўсё так культурна. І ўсё гэта нягледзячы на страшную жорсткасць з боку ўрада! Жыве Беларусь”.

Таксама фонд паведаміў, што на 15 сутак арыштаваны шматразовы чэмпіён свету па тайскім боксе, вядомы трэнер Юрый Булат. Адзначаецца, што ён знаходзіцца ў ЦІП на Акрэсціна, адваката да яго не пускаюць „з-за складанай эпідэміялагічнай сітуацыі”.

Шматразовы чэмпіён свету па тайскім боксе і кікбоксінгу Віталь Гуркоў з-за цяперашняй грамадска-палітычнай сітуацыі з’ехаў ва Украіну і пакуль не гатовы вярнуцца ў Беларусь. „Гэта часовае рашэнне, але пакуль уся мая сям’я супраць таго, каб я вяртаўся, таму што ведаюць і мой характар, і што можа быць”, — паведаміў ён БелаПАН.

Спартсмен, які таксама з’яўляецца ўдзельнікам беларускага панк-гурту „Брута”, шмат гадоў крытычна выказваецца ў дачыненні да дзейнай улады.

Як паведамлялася, баскетбалістка Алена Леўчанка цяпер адбывае 15-сутачны арышт па абвінавачанні ў парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.

Раней многія знакамітыя спартсмены выказаліся супраць гвалту сілавікоў у дачыненні да грамадзян, якія пратэставалі супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, і прынялі ўдзел у масавых акцыях пратэсту.

7 кастрычніка прадстаўнікі Свабоднага аб’яднання спартсменаў накіравалі ў Міжнародны алімпійскі камітэт адкрыты ліст з патрабаваннем прыпыніць членства Беларусі ў арганізацыі. У ім атлеты звяртаюць увагу на шматлікія выпадкі арыштаў, націску і звальненняў заслужаных спартсменаў і спартыўных чыноўнікаў краіны, паведамляе аб’яднанне.

Спартсмены, якія падпісалі ліст, а сярод іх такія зоркі, як Кацярына Сныціна, Яўген Цуркін, Аляксандра Герасіменя, Сцяпан Папоў, таксама адзначылі, што сваімі дзеяннямі Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі груба парушае прынцыпы Алімпійскай хартыі, не звяртаючы ўвагі на факты гвалту, катаванняў, пагроз і дыскрымінацыі.

Атлеты папрасілі МАК правесці „належнае расследаванне фактаў дыскрымінацыі і гвалту ў дачыненні да беларускіх спартсменаў”. Акрамя гэтага, яны прапанавалі прыняць меры ў дачыненні да НАК Беларусі, прадугледжаныя Алімпійскай хартыяй. У прыватнасці, прыпыніць фінансаванне членства нацыянальнага камітэта ў МАК да нармалізацыі сітуацыі.

Утрымліваецца таксама просьба дапамагчы спартсменам, якія пацярпелі ад незаконнай дыскрымінацыі, удзельнічаць у спартыўных мерапрыемствах пад эгідай МАК.

У жніўні беларускія спартсмены і прадстаўнікі спартыўнай галіны краіны напісалі адкрыты ліст, адрасаваны ўладам Беларусі. У ім яны катэгарычна асудзілі „шматлікія факты фальсіфікацыі вынікаў выбараў прэзідэнта” і праявы гвалту з боку сілавікоў у дачыненні да ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту. Падпісанты заклікалі „вызваліць і рэабілітаваць усіх палітычных зняволеных, спыніць супрацьпраўную дзейнасць супрацоўнікаў праваахоўных органаў і правесці праверкі законнасці іх дзеянняў”. Спартсмены выказалі гатоўнасць адмовіцца ад выступленняў за нацыянальную зборную. Пад лістом, які апублікавала газета „Прессбол”, падпісаліся больш за 650 спартсменаў і работнікаў галіны.

belapan.by