У Беларусі стартавала „Футбольная ліга для паненак”



Беларуская федэрацыя футбола пры падтрымцы ФІФА ўпершыню на тэрыторыі нашай краіны прэзентавала “Футбольную лігу для паненак”, узрост якіх не перавышае 13 год. 

З прывітальным словам да дзяўчат звярнуўся легендарны футбаліст Міхаіл Вергіенка:

– Я быў адным з гледачоў матчу фіналу «Лігі чэмпіёнаў» у Манчэстэры. І калі я ішоў на футбол, я ўбачыў назву «Тэатр футбола». І вось вы можаце трапіць у гэты тэатр. Вось тут у нас нацыянальная жаночая зборная знаходзіцца, дзяўчаты, якія сёння годна прадстаўляюць нашу краіну на міжнароднай арэне. Вы пачынаеце першыя крокі, вы будзеце ўвесь час удзельнічаць у конкурсе, у якім кожны дзень трэба будзе даказваць, што я – лепшая.

Нацыянальная ліга для дзяўчат падзеленая на восем дывізіёнаў па тэрытарыяльных адзнаках. Назвы дывізіёнаў выводзяцца ад імёнаў знакавых гістарычных жаночых асоб айчыннай гісторыі, пачынаючы ад княгіні Рагнеды Рагвалодаўны, да Эміліі Плятэр.

Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск