У Беларусі стартаваў футбольны чэмпіянат сярод жаночых каманд
У Беларусі стартаваў футбольны чэмпіянат сярод жаночых каманд. Раней яго адкладалі з-за таго, што некалькі футбалістак трапілі на каранцін (першы тур быў запланаваны на 16-18 красавіка). Аднак вынікі тэстаў былі адмоўныя, і тыдзень таму бюро выканкама Беларускай федэрацыі футбола прыняло рашэнне пра пачатак першынства.
У першым матчы ў сталіцы юнацкая каманда краіны U-19, сабраная на базе федэрацыі, разгромна прайграла менскаму „Дынама-БДУФК” — 0:7. Іншыя матчы 1-га тура пройдуць у пятніцу і суботу.
Названы чэмпіён датэрмінова спыненага першынства Францыі
Дырэктарат вышэйшага дывізіёна чэмпіянату Францыі па футболе (Ліга 1) абвясціў аб датэрміновым завяршэнні турніру.
На такі крок кіраўніцтва пайшло з-за пандэміі каронавіруса.
Названая тройка прызёраў:
«Пары Сэн-Жэрмэн»;
«Марсэль» і «Рэн». Раней паведамлялася, што на пасяджэнні савета Серыі А (вышэйшага дывізіёна італьянскага футбола) прынята рашэнне дагуляць чэмпіянат 2019/2020. СМІ паведамлялі, што УЕФА плануе аднавіць розыгрышы Лігі чэмпіёнаў і Лігі Еўропы ў пачатку жніўня. Чакаецца, што гульні будуць праходзіць кожныя тры дні.
Дзмітрый Шульга ўзначаліў юніёрскую зборную Беларусі па хакеі
Дзмітрый Шульга, які раней узначальваў юнацкую нацыянальную дружыну (U-17), стаў галоўным трэнерам юніёрскай каманды Беларусі (U-18). Такое рашэнне прынята на пасяджэнні выканкама Федэрацыі хакея Беларусі. Ключавым аргументам на карысць такога выбару стала тое, што ў каманды двухгадовы цыкл падрыхтоўкі і ў наступным сезоне хакеісты зборнай U-17 практычна поўным складам пераходзяць у каманду U-18. Удзельнікі нарады палічылі, што гэта палегчыць узаемадзеянне ў камандзе і будзе спрыяць яе паспяховай падрыхтоўцы да ключавых стартаў сезона.
Галкіпер „Шахцёра” прызнаны самым каштоўным гульцом плэй-оф
Брамнік салігорскага „Шахцёра” Максім Малюцін прызнаны самым каштоўным гульцом плэй-оф чэмпіяната Беларусі па хакеі. У апытанні сярод прадстаўнікоў клубаў чэмпіянату Беларусі ён апярэдзіў хакеістаў сталічнага „Юнацтва” Івана Драздова і Міхаіла Стэфановіча. Акрамя гэтага, Максім Малюцін выйграў прыз лепшаму брамніку чэмпіянату краіны, набраўшы 62 ачкі. Лепшым абаронцам прызналі гульца сталічнага „Юнацтва” Андрэя Антонава. Сярод нападнікаў не было роўных хакеісту „Нёмана” Мікіту Ремезаву. Лепшым трэнерам чэмпіянату стаў коуч „Шахцёра” Юрый Файкоў. Лепшай арэнай турніру прызнаны Лядовы палац у Воршы.
Міжнародная федэрацыя самба прыпыніла спаборніцтвы
Міжнародная федэрацыя самба прыпыніла ўсе турніры свайго календара на нявызначаны тэрмін з-за пандэміі каронавіруса. Такая інфармацыя размешчана на афіцыйным сайце федэрацыі. Рашэнне было прынята па рэкамендацыях Міжнароднага алімпійскага камітэта і Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. Абмежаванні дзейнічаюць да далейшых асаблівых распараджэнняў. Паводле слоў галоўнага трэнера зборнай Беларусі па самба Дзмітрыя Базылева, спартоўцы нацыянальнай каманды планавалі пачаць спаборніцкі сезон у жніўні.
Ён дадаў, што ўсе самбісты нацыянальнай каманды адчуваюць сябе выдатна, за іх станам здароўя пільна сочаць лекары.
Беларускае Радыё Рацыя