Крымінальная адказнасць за схіленне спартоўцаў да ўжывання допінгу
Беларускія парламентарыі падтрымалі ў другім чытанні ініцыятыву ўвядзення крымінальнай адказнасці за схіленне спартоўцаў да ўжывання допінгу. Адпаведны законапраект прадставіў Аляксандр Багдановіч, сябра Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы.
– Заўсёды ў брыдкіх выпадках з допінгам пакутуе спартовец. Мы ж лічым, што адказнасць павінны несці і іншыя людзі, якія паўплывалі на сітуацыю, – сказаў чыноўнік.
* * *
Экс-першая ракетка свету Эндзі Марэй на наступным тыдні вернецца ў тур пасля складанай аперацыі па замене тазасцегнавога сустава. На турніры ў Лондане ён выступіць у пары з Фелісіяна Лопесам. Акрамя таго, Марэй плануе згуляць у парным разрадзе ў Істбурне і на „Уімблдоне”. Імёны напарнікаў пакуль невядомыя.
* * *
У красавіку 2020 года напярэдадні старту чэмпіянату свету ў Швейцарыі зборная Беларусі па хакеі правядзе як мінімум чатыры таварыскія матчы. У перыяд з 23 па 26 красавіка наша каманда двойчы сустрэнецца ў гасцях з немцамі – сярэбранымі прызёрамі Алімпійскіх Гульняў 2018. А 29-30 красавіка двойчы прыме дома Казахстан – чэмпіёна свету ў дывізіёне 1. Пра гэта паведамляе hockey.by.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя