У беларускім футбольным „класіка” перамог БАТЭ



Цэнтральны і заключны матч 8 тура футбольнага чэмпіянату Беларусі адбыўся ўвечары 23 траўня. У беларускім „класіка” і адначасна абласным дэрбі чэмпіён краіны барысаўскі БАТЭ мінімальна адолеў менскае „Дынама” – 1:0.

Вырашальныя падзеі адбыліся ў другім тайме. БАТЭ выглядаў лепш, да ўсяго калі матчы з яго ўдзелам судзіў Дзмітрый Доля – БАТЭ заўсёды перамагаў, такое здаралася ўжо 8 разоў.

Пасля 70-й хвіліны барысаўцы стварылі некалькі вострых атак. Спярша Мікалай Сігневіч не скарыстаўся пасам Мірка Іваніча, а неўзабаве ўжо Іваніч, атрымаўшы аналагічную перадачу ад Сігневіча, па-майстэрску перакінуў брамніка зборнай Андрэя Гарбунова і прадэманстраваў як трэба завяршаць такія двуххадоўкі. Высілкі менчукоў да выратавання не прывялі.

Такім чынам БАТЭ выйграў усе 8 сустрэч і з максімальнай сумай – 24 ачкі – упэўнена ідзе да чарговага золата. На другім месцы менскае „Дынама” – 17 пунктаў. Трэцюю-чацвёртую пазіцыю дзеляць ФК „Слуцк” і гарадзенскі „Нёман” – па 15 ачкоў. „Нёман” у гэтым туры на выездзе з лікам 2:0 адолеў „Гомель” і тым самым „звольніў” трэнера ўсходнікаў Вячаслава Герашчанку. А случакі ў сераду разышліся мірам з новаспечаным уладальнікам КУбку краіны берасцейскім „Дынамам” – 1:1.

Беларускае Радыё Рацыя