У берасцейскім «Дынама» ўспышка каронавіруса
У продаж паступілі квіткі на хатні матч берасцейскага „Дынама” са „Слуцкам” у рамках 17-га тура чэмпіянату Беларусі. Паядынак пройдзе 10 ліпеня. Паводле інфармацыі, у „Дынама” ўспышка каронавіруса.
Заразіліся дзесяць гульцоў асновы, трое з іх знаходзяцца ў бальніцы. Адзін з лідараў каманды Арцём Мілеўскі паведаміў, што сышоў на самаізаляцыю. Чакаецца, што ў матчы са „Слуцкам” згуляе дублюючы склад берасцейцаў.
„Гарадзея” вядзе з гульцамі перамовы пра зніжэнне зарплаты
Кіраўніцтва „Гарадзеі” прапанавала ўсёй камандзе пайсці на зніжэнне зарплаты. Працэнт, на які будзе зрэзаная заработная плата, вырашаецца з кожным футбалістам ў індывідуальным парадку. Такім чынам, нягледзячы на падпісаны з цукровым камбінатам дагавор, становішча „Гарадзеі” застаецца няпростым. Тым не менш, клуб ужо пачаў выплачваць даўгі за май.
Віталь Лісаковіч прызнаны найлепшым гульцом 16-га тура чэмпіянату Беларусі
Форвард салігорскага „Шахцёра” Віталь Лісаковіч прызнаны найлепшым гульцом 16-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі па версіі асацыяцыі „Беларуская федэрацыя футбола”. У матчы з жодзінскім „Тарпеда-БелАЗ” Лісаковіч аформіў галявы дубль і цяпер разам з Джасурбекам Яхшыбоевым з „Энергетыка-БДУ” з дзевяццю забітымі мячамі узначаліў спіс лепшых бамбардзіраў 30-га нацыянальнага першынства.
Футбалісткі „Дынама-БДУФК” перамаглі дзявяты раз запар у матчах чэмпіянату Беларусі
Футбалісткі менскага „Дынама-БДУФК” перамаглі дзявяты раз запар у матчах чэмпіянату Беларусі сярод жаночых каманд. У хатняй сустрэчы дзявятага тура лідары першынства ўпэўнена перайгралі магілёўскі „Днепр” з сухім лікам 3:0. Дзейсныя чэмпіёнкі краіны футбалісткі „Менска” не пакінулі шанцу аўтсайдарам з Берасцейскага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву (БОЦОР) – 8:0. Берасцейкі пакуль не забілі ніводнага гола, пацярпеўшы дзевяць паразаў у дзевяці праведзеных матчах.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: ФК „Дынама-Брэст”