У Берасці стартаваў чарговы этап „Беларускай лёгкаатлетычнай лігі”.



Вынікі першага дня апублікаваны на сайце БФЛА. Далёкімі спробамі адзначыліся беларускія кідальнікі молата. У мужчын пераможцам стаў Аляксандр Шымановіч, які адправіў снарад на 78 метраў 3 сантыметры (гэта 14-ы вынік сусветнага сезона). У жанчын восьмым вынікам сезона ў свеце вызначылася Анастасія Маслова — 74,71. У кіданні дзіды Таццяна Халадовіч паказала пяты вынік сезона ў свеце – 64,06. Мацвей Волкаў выйграў скачкі з шостом з вынікам 5 метраў 40 сантыметраў, Ірына Жук першынствавала ў гэтай жа дысцыпліне з вынікам 4,55. Алена Дубіцкая штурхнула ядро ​​на 19 метраў 21 сантыметр (гэта 10-ы вынік сусветнага сезона). Анастасія Мірончык-Іванова выйграла скачкі ў даўжыню з вынікам 6,43, рэалізаваўшы толькі адну спробу з шасці.

„Каньяспор” вядзе перамовы з БАТЭ, каб правесці абодва матчы на ​​полі турэцкага клуба

Прэзідэнт „Каньяспора” Фаціх Азгекчэн заявіў, што клуб вядзе перамовы з БАТЭ пра тое, каб абодва матчы 2-га кваліфікацыйнага раунда Лігі канферэнцый прайшлі на поле турэцкага клуба. Паядынкі „Каньяспор” — БАТЭ запланаваны на 21 і 28 ліпеня.

Міхаіл Гардзяйчук скасаваў кантракт з „Ліепаяй”

Экс-паўабаронца зборнай Беларусі Міхаіл Гардзяйчук развітаўся з камандай, з якой мінулай восенню стаў бронзавым прызёрам чэмпіянату Латвіі. Гардзяйчук абараняў колеры „Ліепаі” паўтара года і правёў 35 матчаў, забіўшы 7 мячоў. Нядаўна гэтую каманду пакінуў іншы беларус – галоўны трэнер Кірыл Альшэўскі. А яшчэ зімой гэта зрабілі Алег Вераціла, Яўген Бярозкін і Дзмітрый Бага, якія затым вярнуліся на радзіму і сталі гульцамі адпаведна „Віцебску”, „Тарпеда-БелАЗа” і „Гомеля”, паведамляе football.by.

Сушко заключыў кантракт з менскім „Дынамам”

Хакейнае менскае „Дынама” заключыла двухбаковы кантракт з беларускім абаронцам Іллём Сушко, паведамілі БЕЛТА у прэс-службе сталічнага клуба. Пагадненне з 24-гадовым гульцом абароны разлічана на адзін год. У мінулым сезоне Ілля Сушко выступаў за хакейны клуб „Брэст”, дзе зарабіў 10 (3+7) балаў у 41 матчы. Раней абаронца выступаў за „Дынама-Шыннік” (МХЛ), зборную Беларусі U-20, ХК Cedar Rapids Roughriders (USHL, ЗША), а таксама салігорскі „Шахцёр” і гарадзенскі „Нёман”. У складзе „гарнякоў” Сушко станавіўся срэбраным і двойчы бронзавым прызёрам беларускай экстралігі. Таксама ў актыве спартоўца ёсць выступы на двух юніёрскіх і двух моладзевых чэмпіянатах свету за зборныя каманды Беларусі.

Івашка прайграў першай ракетцы свету на турніры ў Гале

Беларускі тэнісіст Ілья Івашка, які мае 42-і нумар сусветнага рэйтынгу, завяршыў выступы на турніры катэгорыі АТР-500 у нямецкім Гале з прызавым фондам 2 мільёны 100 тысяч еўра. У паядынку з першай ракеткай свету расейцам Даніілам Мядзведзевым беларус саступіў у дзвюх партыях – 6:7 (4:7), 6:3. Сустрэча працягвалася гадзіну 35 хвілін.

„Будаўнік” выйшаў наперад у фінале чэмпіянату Беларусі па хакеі на траве

Берасцейскі „Будаўнік” выйшаў наперад у фінальнай серыі мужчынскага чэмпіянату Беларусі па хакеі на траве. У трэцяй сустрэчы берасцейцы выйгралі на сваёй пляцоўцы ў дзейнага чэмпіёна краіны ХК „Мінск” з лікам 3:2. Да гэтага супернікі абмяняліся перамогамі на полі ў сталічным парку імя Горкага: спачатку менчукі выйгралі 5:3, а потым „Будаўнік” узяў рэванш – 2:1. Сёння супернікі зноў сустрэнуцца ў Берасці, і калі гаспадары перамогуць, то стануць чэмпіёнамі пасля дзевяцігадовага перапынку.

„Голдэн Стэйт” заваяваў чацвёрты тытул за восем гадоў

„Голдэн Стэйт” выйграў у „Бостана” ў выязным шостым матчы фінальнай серыі НБА і стаў чэмпіёнам — 103:90, вынік серыі — 4:2. „Такім чынам, „Уорыёрз” заваявалі чацвёрты чэмпіёнскі тытул за восем гадоў. Разыгрываючы „Голдэн Стэйт” Стэфэн Кары прызнаны MVP фінальнай серыі НБА. Гэта першы такі трафей у калекцыі лідара „Уорыёрс”. За шэсць матчаў фінальнай серыі Кары ў сярэднім набіраў 31 ачко, рабіў 6 падбораў і 5 перадач пры 44% трапленняў з дугі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя