У чым феномен “Крумкачоў”?



p6-he-igПра апошнія сенсацыйныя перамогі дэбютанта вышэйшай лігі распавядае чэмпіён СССР 1982 года ў складзе менскага “Дынама” Валерый Мельнікаў.

Дэбютант вышэйшай футбольнай лігі, які яшчэ зусім нядаўна лічыўся паўаматарскай камандай, гучна заявіў пра сябе на старце чэмпіянату. На пачатку была сенсацыйная перамога сталічнай каманды над бронзавым прызёрам апошняга чэмпіянату Беларусі – салігорскім “Шахцёрам” (2:0), а затым “Крумкачы” лёгка разабраліся і з сярэбраным прызёрам – менскім “Дынама” – 4:1. У чым феномен “Крумкачоў”?

Валерый Мельнікаў: Я быў на дамашнім матчы “Крумкачоў” з менскім “Дынама”, там проста цудоўная атмасфера. На футбол людзі прыходзяць цэлымі сем’ямі, заўзятары каманды вельмі інтэлігентныя. Я сам “дынамавец”, але мне непрыемна было чуць, як фанаты “Дынама” нецэнзурна лаяліся. А ў “Крумкачоў” – проста цудоўная падтрымка. З такімі заўзятарамі можна горы зварочваць.

РР: А што датычыцца гульні дэбютанта… Як ім удаецца “круціць вушы” мэтрам беларускага футбола?

Валерый Мельнікаў: Я звязваю гэта не столькі з прафесіяналізмам ігракоў, колькі з агульнай атмасферай у камандзе. Відаць, трэнер і кіраўніцтва клуба стварылі добры калектыў, для якога знаходзяць добрыя і патрэбныя словы. Паверце, калі ў камандзе ёсць калектыў, а не набор “зорных” хлопчыкаў, то яму пад сілу многае. І “Крумкачы” яшчэ раз гэта пацвярджаюць. Мне падабаецца гэтая каманда.

РР: Ці могуць “Крумкачы” стварыць канкурэнцыю БАТЭ?

Валерый Мельнікаў: Пакуль не змогуць па той простай прычыне, што дэбютанту будзе складана прайсці ўвесь адрэзак першынства стабільна – без падзення. А барысаўчане – гэта вопыт, збалансаваны склад і іншае. У Барысаве цэлая футбольная сістэма адпрацавана, а гэта дае вынік. “Крумкачы” пакуль гуляюць больш на энтузіязме, хаця і прыемна здзіўляюць заўзятараў. У любым выпадку каманда прыўнесла нешта новае і цікавае ў беларускі чэмпіянат.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя