У чым сіла БАТЭ?



Барысаўскі БАТЭ 11-ы раз стаў чэмпіёнам краіны па футболе і дзявяты раз запар. Чаму ніхто з беларускіх клубаў не можа скласці канкурэнцыю барысаўчанам у змаганні за “золата”? Сваё меркаванне з гэтай нагоды выказаў суддзя міжнароднай катэгорыі Вадзім Жук.

4_zuk

Вадзім Жук: У арганізацыйным плане БАТЭ пераўзышоў усе каманды, якія ёсць у Беларусі. У тым ліку і менскае “Дынама”. У барысаўскім клубе добра распрацаваны механізм падрыхтоўкі футбалістаў, пачынаючы з юнацкага ўзросту і да асноўнай каманды. Пры гэтым за аснову гуляюць у асноўным свае выхаванцы, у адрозненне ад таго ж “Дынама”. Маладая кроў уліваецца ў галоўную каманду, цудоўна пастаўлена селекцыйная праца. Вось і вынік. Таму чарговая перамога ў чэмпіянаце – гэта заканамернасць, і на гэты момант БАТЭ на самой справе – лепшая каманда Беларусі.

РР: А чаму менскае “Дынама” – каманда з грашыма і слаўнымі традыцыямі – ўжо дзесяць гадоў не можа стаць чэмпіёнам?

Вадзім Жук: На мой погляд, няправільна тое, што там робяць стаўку на легіянераў. Да таго ж, не самых моцных у сваіх краінах. Іх майстэрства недастаткова, каб прэтэндаваць на нейкія высокія вынікі. Адны прыходзяць, іншыя сыходзяць… Няма стабільнасці. Апроч таго, у “Дынама” ж трэнеры змяняюцца амаль штогад, хоць, каб стварыць каманду, яе настаўнік павінен адпрацаваць на сваёй пасадзе як мінімум два гады.

РР: І БАТЭ, і менскае “Дынама” няўдала выступаюць у еўракубках, прайграючы супернікам з непрыстойна вялікім лікам. Ці справядлівая крытыка ў адрас каманд з гэтай нагоды?

Вадзім Жук: Тое, што гэтыя каманды патрапілі ў групавыя этапы еўракубкаў – ужо вялікі поспех. Будзем шчырымі, мала хто верыў, што “Дынама” і БАТЭ пакажуць там нешта неверагоднае. Тым больш, барысаўская каманда ў гэтым годзе значна абнавіла свой склад, мы ўбачылі шмат маладых ігракоў. Згадзімся, што для ўдалага выступлення трэба не толькі жаданне, але і міжнародны вопыт, майстэрства. Натуральна, партугальскі “Порту” ці данецкі “Шахцёр” сёння на галаву вышэйшыя за чэмпіёна Беларусі. Таму не трэба пасыпаць галаву попелам, нічога страшнага не здарылася. У БАТЭ зараз праблема росту, камандзе неабходны час, каб падняцца на ногі. А заўзятары хочуць перамог зараз і заўсёды.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара