У Еўропе апошні адборавы тур да мундыялю
У Еўропе пачаўся апошні тур адборавых турніраў у дзевяці групах. Напярэдадні фактычна наступіла развязка ў групе „А”, дзе выступае зборная Беларусі. „Белыя крылы” далі ў Менску бой дружыне Нідэрляндаў, але ўсё ж саступілі пасля недарэчнага пенальці 1:3. Не асабліва радаваліся гэтай вікторыі і „лятучыя галяндцы”. Прычына ў тым, што Швецыя разграміла Люксембург – 8:0, а Францыя ўзяла тры ачкі ў Балгарыі – 1:0. Такім чынам у заключным туры Францыі дастаткова на сваім полі адолець Беларусь з любым лікам, каб выйсці на мундыяль з першага месца. „Аранжавым”, каб пацясніць шведаў з другой прыступкі, трэба перамагчы скандынаваў з нерэальным лікам 6:0.
У нядзелю завяршылі праграму каманды групы „Е”. Польшча, якой нічога ўжо не трэба было, чарговы раз парадавала сваіх зяўзятараў. „Бялэ-чэрвоны” не сталі адбываць нумар, а перамаглі дома Чарнагорыю з хакейным лікам 4:2. Адзін з мячоў запісаў на свой рахунак Роберт Левандоўскі, які зноў выйшаў у лепшыя бамбардзіры адборавага турніру – 16 галоў. Другое месца ў гэтай кампаніі заняла Данія, якая згуляла на сваім полі 1:1 з Румыніяй. Цяпер датчане напэўна будуць рыхтавацца да стыкавых матчаў.
1. Польшча – 25 ачкоў, 2. Данія – 20, 3. Чарнагорыя – 16, 4. Румынія – 13, 5. Арменія – 7, 6. Казахстан – 3.
Завяршыла кваліфікацыю і група „F”. Англія, якая першынствавала датэрмінова, у заключным туры адолела ў гасцях Літву – 1:0. Славаччына перамагла 3:0 Мальту і заняла другое месца, пакінуўшы „за бортам” Славенію і Шатляндыю, якія разышліся непатрэбным мірам – 2:2.
1. Англія – 26 ачкоў, 2. Славаччына – 18, 3. Шатляндыя – 18, 4. Славенія – 15, 5. Літва – 6, 6. Мальта -1.
У кампаніі „С” усё вызначылася загадзя, таму апошнія матчы мелі чыста фармальны характар. Германія рэзервовым складам разграміла Азербайджан – 5:1, Чэхія – Сан-Марына – 5:0, а Нарвегія перамогай над Паўночнай Ірляндыяй крыху паправіла свой прэстыж – 1:0. Немцы перамаглі ва ўсіх 10-ці матчах з фантастычнай розніцай мячоў 43-4.
1. Германія – 30, 2. Паўночная Ірляндыя – 19, 3. Чэхія – 15, 4. Нарвегія – 13, 5. Азербайджан – 10, Сан-Марына – 0.
У панядзелак закончаць адбор яшчэ тры групы еўрапейскіх зборных. Сітуацыя з другімі месцамі зараз выглядае так, што Славаччына яшчэ не гарантавала сабе выхад у плэй-оф і змушана чакаць зыходу змагання ў іншых групах. Дакладна ў стыкавыя паядынкі ўжо выйшлі Данія, Італія, Паўночная Ірляндыя, фактычна таксама Грэцыя, якой належыць перамагчы ў апошнім туры Гібралтар. Таксама ў накаўт-раўнд выйдуць Францыя ці Швецыя з групы А і Партугалія ці Швайцарыя з кампаніі В.
Беларускае Радыё Рацыя