У ФК «Нёман» даўгоў на 10 мільярдаў рублёў (абноўлена)



Пазыкі гарадзенскага футбольнага клуба “Нёман” перавысілі 500 000 даляраў. Пра гэта паведамляе інтэрнэт–партал  tribuna.com, спасылаючыся на крыніцу, блізкую да клуба. Футбалісты на працягу некалькіх месяцаў не атрымліваюць заробак у поўным памеры, а далейшы лёс каманды пакуль не вызначаны. Нестабільная фінансавая сітуацыя спавадавана шэрагам прычын, галоўныя з якіх – істотнае змяншэнне грашовай дапамогі з боку мясцовых уладаў і немэтавае выкарыстанне сродкаў, якое адзначыла апошняя праверка фінансавага кантроля. Ветэран гарадзенскага футбола і былы начальнік каманды Уладзімір Чарноцкі адзначае, што на працягу апошніх гадоў эканамічная сітуацыя ў футбольным клубе выглядае катастрафічна:

– Калі старшынём Гарадзенскага аблвыканкама быў Шапіра, ён сачыў за клубам, дапамагаў яму. А цяперашні старшыня адмаўляецца, бо, маўляў, Лукашэнка сказаў, каб каманды самі сябе забяспечвалі. Раней і спонсары былі, бо бачылі, што каманда гуляе, таму і дапамагалі. А цяпер каманда не гуляе, навошта ім выкідваць грошы на вецер?

У сёлетнім чэмпіянаце Беларусі па футболе клуб знаходзіцца на дзевятым месцы. Яго далейшы лёс залежыць выключна ад таго, пагодзіцца ці не кіраўніцта вобласці падтрымліваць спартоўцаў з бюджэтных сродкаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

* * *

Як паведамляе Tribuna.com спасылаючыся на свае крыніцы, у футбольнага клуба «Нёман» вялікія фінансавыя цяжкасці.

Так, футбалісты ўжо некалькі месяцаў не бачылі заработнай платы ў поўным аб’ёме. Па папярэдніх дадзеных, у клуба даўгі на агульную суму ў 10 млрд рублёў.

У 2015 ФК «Нёман» уваходзіў з даўгамі ў раёне 6 млрд рублёў. Аднак дзякуючы мэру Гародні Мечыславу Гою гэтую запазычанасць атрымалася зачыніць. Таксама па дадзеных рэсурсу, зараз у клуба вельмі нестабільны стан. Не так даўно была праведзена фінансавая праверка, якая выявіла парушэнні. Агульная сума штрафаў налічвае сотні мільёнаў рублёў.