У Францыі прызналі спортам дуэлі на «светлавых мячах»



«Светлавыя мячы» не рассякаюць чалавечыя целы на часткі. Гэта проста відовішчнае фехтаванне.

Федэрацыя фехтавання Францыі выдала афіцыйныя правілы па новым відзе спорту: дуэлях на «светлавых мячах», піша Associted Press. Такім чынам, французы спадзяюцца ўцягнуць у спорт моладзь, якая ім мала цікавіцца.

Баі адбываюцца на мячах, знешне падобных да зброі з фільмаў «Зорныя войны». Але мячы полікарбанатныя, свецяцца дзякуючы LED-падсвятленню і гудзяць у паветры дзякуючы дынамікам.

Такая «зброя» дастаткова бяспечная, затое дазваляе, як піша AP, «змагацца з цёмным бокам Сілы: сядзячым ладам жыцця XXI стагоддзя».

Правілы адрозніваюцца ад баёў на шпагах ці рапірах. Раўнд ідзе тры хвіліны, за ўдар у руку, цела ці галаву налічваецца розная колькасць балаў (1, 3 і 5 адпаведна), бой ідзе да 15 балаў або да заканчэння часу. Рухі не настолькі хуткія, як у фехтаванні, бо перад кожным ударам меч трэба заносіць за галаву (як рабілі ў кіно).