У футбольнага «Дынама-Мінск» з’явіўся новы ўладальнік



Асноўным уладальнікам акцый футбольнага клуба «Дынама-Мінск» будзе cпартовае таварыства «Дынама». Пра гэта паведамляецца на сайце клуба.

– Пытанне з асноўным уладальнікам акцый вырашана: аператыўным кіраваннем будзе займацца БФСТ «Дынама», – паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Менскага гарвыканкама Міхаіл  Пракапенка. – Працэс запушчаны, на гэта спатрэбіцца пэўны час, але ў частцы функцыянавання клуба тое стабільнае становішча, якое цяпер ёсць у менскага «Дынама», стане больш моцным і нас чакаюць толькі станоўчыя моманты, – дадаў ён. Нагадаем, што раней асноўным уладальнікам акцый менскага «Дынама» быў Менгарвыканкам.

Сяргей Амельянчук пакінуў менскае „Дынама”

Па пагадненні бакоў скасаваны кантракт паміж футбольным клубам „Дынама-Мінск” і трэнерам каманды Сяргеем Амельянчуком. „Дзякуем Сяргеяю Пятровічу за праведзеную працу і жадаем яму далейшых поспехаў у прафесійнай дзейнасці”, – гаворыцца ў афіцыйнай заяве клуба.

Павел Сядзько стаў аўтарам лепшага гола 5-га тура чэмпіянату Беларусі

Аўтарам самага прыгожага гола 5-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі прызнаны паўабаронца берасцейскага „Руху” Павел Сядзько. Такі выбар зрабілі ўдзельнікі традыцыйнага апытання асацыяцыі „Беларуская федэрацыя футбола”, паведамляе БЕЛТА. У хатняй сустрэчы з „Мінскам” Павел Сядзько эфектным далёкім ударам трапіў у браму гасцей у самым пачатку другой паловы гульні. Гэты гол у выніку стаў адзіным і прынёс перамогу дэбютантам вышэйшай лігі – 1:0. Дзякуючы гэтай вікторыі футбалісты „Руху” набралі 7 ачкоў і займаюць цяпер 9-е месца ў турнірнай табліцы чэмпіянату краіны. У першых матчах наступнага тура сустрэнуцца: „Смалявічы” і „Дынама” (Менск), „Нёман” і „Энергетык-БДУ”.

Берасцейскае „Дынама” арганізуе трансляцыю матчу з „Шахцёрам” у рэжыме 360 градусаў

Берасцейскае „Дынама” арганізуе трансляцыю матчу 6-га тура вышэйшай лігі з „Шахцёрам” у рэжыме 360-градуснай здымкі. Аднак такая трансляцыя будзе даступная толькі пакупнікам віртуальных квіткоў. Супербонус для ўладальнікаў віртуальных квіткоў на матч „Дынама-Брэст” – „Шахцёр” (Салігорск). Мы дамо вам магчымасць рэальна паглядзець гульню ў рэжыме анлайн. Спецыяльна для вас ФК „Дынама-Брэст” забяспечыць трансляцыю паядынку ў сетцы пры дапамозе тэхналогіі 360-градуснай здымкі. Спасылка на LIVE стрым будзе высланая ўсім уладальнікам віртуальных квіткоў на электронную пошту ў дзень матчу, – гаворыцца ў паведамленні прэс-службы „Дынама”. Матч „Дынама-Брэст” – „Шахцёр” пройдзе 25 красавіка і пачнецца ў 19.00.

Форвард „Нёмана” Ціма Хільтунен не стаў каментаваць інфармацыю пра ўспышку каронавіруса

Нападнік „Нёмана” Ціма Хільтунен не стаў каментаваць інфармацыю пра ўспышку каронавіруса ў гарадзенскай камандзе. Форвард ужо знаходзіцца ў Фінляндыі, адзначае hockey.by. Напярэдадні телеграм-канал NEXTA паведаміў, што 23 хакеісты „Нёмана” заразіліся каронавірусам. Станоўчы тэст, па звестках крыніцы, здаў і Хільтунен.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя