У футбольнай Лізе Еўропы вызначацца першыя чвэрцьфіналісты



Пасля чатырохмесячнага перапынку, выкліканага каронавірусам, адновяцца матчы футбольнай Лігі Еўропы і вызначацца першыя ўдзельнікі чвэрцьфінальнай стадыі. У Кіеве данецкі «Шахцёр» у матчы ў адказ 1/8 фіналу прыме нямецкі «Вольфсбург». У іх першай сустрэчы 12 сакавіка ў Германіі ўкраінскі чэмпіён перамог з лікам 2:1. У сталіцы Даніі футбалісты «Капенгагена» сустрэнуцца з чэмпіёнам Турцыі клубам «Башакшэхір». У іх першым матчы ў Стамбуле турэцкая каманда выйграла з мінімальнай перавагай – 1:0. Ангельскі «Манчэстар Юнайтэд» згуляе на сваім полі з аўстрыйскім клубам ЛАСК. У сакавіку англічане разграмілі аўстрыйцаў на іх полі з лікам 5:0.

Спартоўкі «Менска» сталі ўладальніцамі Кубка Беларусі па хакеі на траве

Спартоўкі «Менска» сталі ўладальніцамі Кубка Беларусі па хакеі на траве. У заключным матчы турніру сталічныя хакеісткі ўпэўнена разабраліся са смалявіцкай «Вікторыяй» – 3:1. У пераможцаў вызначыліся Анастасія Сыс, а таксама аформілі дубль Яўгенія Керноз. За клуб з Менскай вобласці забіла Дыяна Бацюкова. У выніку «Вікторыя» заняла чацвёртую пазіцыю ў турніры, не выйграўшы ніводнай сустрэчы па ходзе спаборніцтваў. Мянчанкі перамаглі ва ўсіх матчах са сваім удзелам. Другое месца ў хакеістак гарадзенскага «Рытма», якія ў заключным туры разграмілі з лікам 8:0 баранавіцкі «Тэкстыльшчык-БарДУ», які стаў трэцім.

Дзмітрый Біланог дамовіўся з менскім «Дынама» аб спыненні супрацоўніцтва

25-гадовы ўкраінскі паўабаронца Дзмітрый Біланог пакідае менскае «Дынама». За паўтара сезону ў складзе менчукоў украінец, які выступае на пазіцыях вінгера і нападніка, правёў 35 матчаў, у якіх забіў 7 галоў і аддаў 3 галявыя перадачы. У сезоне-2020 футбаліст удзельнічаў у шасці матчах.

Лука Дончыч усталяваў фенаменальны рэкорд у гісторыі НБА

21-гадовы славенскі распасоўнік «Даласа» Лука Дончыч у мінулай гульні з «Сакрамэнта» (114:110 АД) адзначыўся адным з самых яркіх дасягненняў у гісторыі НБА. Дончыч стаў самым маладым гульцом у гісторыі НБА, якому ўдалося аформіць трыпл-дабл, набраўшы не менш за 30 ачкоў і здзейсніўшы 20 ці больш падбораў. У гульні з «Сакрамэнта» на рахунку славенскага распасоўніка 34 ачкі, 20 падбораў і 12 перадач.

Дзяўчына-футбалістка заключыла кантракт з мужчынскім клубам

Дзяўчына-футбалістка Элен Факема стане гульцом мужчынскага клуба «Фоарут» з чацвёртага па сіле дывізіёна Нідэрландаў. Аб гэтым паведамляецца на сайце Каралеўскага футбольнага саюзу Нідэрландаў (KNVB). У прэс-службе арганізацыі патлумачылі, што кантракт 19-гадовай спартоўкі з «Фоарутам» заключаны ў якасці эксперыменту. Адзначаецца, што рашэнне дапаможа развіццю раўнапраўя ў футболе.

Беларускае Радыё Рацыя