У Гайнаўцы сустрэліся з чэмпіёнкай свету
Каміла Ліцьвінка – чэмпіёнка свету па скачках у вышыню ў спортзале, яна сустрэлася ў Гайнаўцы з мясцовай моладдзю.
“Я ахвотна прымаю ўдзеў у такіх сустрэчах,” – кажа Каміла:
– Можа пасля такіх сустрэч нехта захоча займацца спортам і стане чэмпіёнам. Хацела б зарадзіць прысутных сваёй энергіяй і любоўю да спорту. Не буду ўтойваць, што гэта вельмі цяжкая праца, і трэніроўкі трэба ставіць на першае месца, трэба вельмі шмат і напружана трэніравацца, каб дасягнуць нейкага выніку.
Каміла Ліцьвінка сваю спартовую кар’еру пачала ў Бельску Падляшскім. Зараз яна трэніруецца ў клубе “Падляшша Беласток”. Чэмпёнкай свету стала ў час 15-га крытага лёгкаатлетычнага Чэмпіянату свету ў польскім Сопаце. Ёй належыць таксама рэкорд Польшчы па скачках ў вышыню на стадыёне – 1,99 метра. “Сустрэчу з чэмпіёнам спорту” наладзіў Асяродак спорту і рэкрэацыі ў Гайнаўцы.
Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара