У гульца берасцейскага „Будаўніка” падчас матчу спынілася сэрца
У Берасці 1 чэрвеня падчас матчу фінальнай серыі чэмпіянату Беларусі па хакеі на траве паміж „Будаўніком” і ХК „Менск” у 29-гадовага гульца спынілася сэрца. Спартоўца шпіталізавалі. На полі стала дрэнна гульцу „Будаўніка” Яўгену Міхейчыку, ён страціў прытомнасць. Цяпер Яўген знаходзіцца ў рэанімацыйным аддзяленні. Яго стан стабільны. Гулец „Будаўніка” таксама выступае ў нацыянальнай зборнай Беларусі па хакеі на траве. Ва ўчарашнім матчы берасцейцы саступілі „Менску” – 1:2. Лік у фінальнай серыі зраўняўся (2:2). Заключны паядынак каманды правядуць 4 чэрвеня ў сталіцы.
Беларускія кідальнікі молата выйгралі дзве алімпійскія ліцэнзіі на турніры ў Малдове
Дзве алімпійскія ліцэнзіі ў кіданні молата выйгралі беларускія лёгкаатлеты на чэмпіянаце Малдовы па лёгкай атлетыцы. У жанчын на спаборніцтвах у Кішынёве Анастасія Каламоец абнавіла асабісты рэкорд, адправіўшы снарад на адзнаку 72 м 58 см. Такога выніку дастаткова, каб выступіць на Алімпіядзе ў Токіа. У мужчын Юрый Васільчанка адправіў снарад на 77 м 81 см, што гарантавала яму алімпійскую ліцэнзію і срэбра турніру.
Беларускі абаронца Ягор Іваноў падпісаў кантракт з „Юнацтвам”
Беларускі абаронца Ягор Іваноў падпісаў кантракт з „Юнацтвам”. Пагадненне будзе разлічана на адзін сезон. У мінулым чэмпіянаце хакеіст правёў 17 гульняў за „Растоў” у ВХЛ, дзе зрабіў дзве галявыя перадачы пры паказчыку карыснасці „+1”. Затым гулец гуляў за „Гомель”, дзе правёў 25 матчаў і набраў 5 (1+4) ачкоў пры паказчыку карыснасці „+13”, стаўшы срэбным прызёрам чэмпіянату краіны.
„Манчэстар Сіці” гатовы прапанаваць „Тотэнхэму” Стэрлінга, Жэзуса і грошы ў абмен на Кейна
„Манчэстар Сіці” гатовы прапанаваць „Тотэнхэму” сваіх форвардаў Рахіма Стэрлінга і Габрыэла Жэзуса, а таксама грашовую кампенсацыю ў абмен на Хары Кейна, – паведамляе „The Sun”. Пагадненню можа перашкодзіць высокая зарплата Стэрлінга ў „Ман Сіці”. Плаціць футбалісту 300 тыс. фунтаў у тыдзень, якія ён атрымлівае ў Манчэстэры, лонданскі клуб не ў стане. Кантракты 24-гадовага Жэзус і 26-гадовага Стэрлінга з „Манчэстар Сіці” разлічаны да лета 2023 года. Пагадненне Кейна са „шпорамі” дзейнічае да лета 2024 года.
Беларускія футбалісты згуляюць са зборнай Азербайджана
Футбалісты нацыянальнай зборнай Беларусі правядуць у Менску таварыскі матч супраць каманды Азербайджана. Сустрэча на поле сталічнага стадыёна „Дынама” пачнецца а 19-й. Сённяшні паядынак стане для беларускіх футбалістаў першым пасля разгромнай паразы ў кваліфікацыі чэмпіянату свету ад бельгійцаў (0:8).
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя