У гульца каманды Лукашэнкі Дзмітрыя Мялешкі пацвердзіўся каронавірус
Хакеіст каманды кіраўніка Беларусі здаў станоўчы тэст на каронавірус. Гэтую інфармацыю пацвердзіла прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант. Адказваючы на пытанне, ці кантактаваў Лукашэнка з інфікаваным гульцом, Эйсмант адказала адмоўна, сцвярджаючы, што Дзмітрый захварэў праз прыкладна тыдзень пасля заканчэння аматарскага чэмпіянату Беларусі па хакеі, калі ўся каманда знаходзілася ў адпачынку, паведамляе tut.by.
Моладзевую (U-20) зборную Беларусі ўзначаліць трэнер клуба экстралігі
У моладзевай (U-20) зборнай Беларусі па хакеі будзе новы галоўны трэнер. У мінулым сезоне пост займаў Дзмітрый Дудзік, пад пачаткам якога каманда не выканала задачу вярнуцца ў эліту чэмпіянату свету. На хатнім МЧМ-2020 у Менску беларусы фінішавалі на трэцім месцы пасля аўстрыйскіх і латвійскіх аднагодкаў. Дудзіка зменіць адзін з трэнераў, якія працуюць у экстралізе, – паведамляе hockey.by.
Паўабаронца „Энергетыка”-БДУ Аляксей Наско можа перайсці ў маскоўскае „Дынама”
Паўабаронца „Энергетыка”- БДУ Аляксей Наско блізкі да пераходу ў клуб чэмпіянату Расеі. Па звестках „ПБ”, перамовы пра трансфер вядуцца з маскоўскім „Дынама”, а таксама з іншымі камандамі прэм’ер-лігі. Мінулым летам апорны хаўбек Наско падпісаў кантракт з берасцейскім „Дынама”, аднак застаўся ў Менску на правах арэнды. У гэтым сезоне капітан „студэнтаў” працягнуў выступы ў „Энергетыку”-БДУ.
Чэмпіянат Беларусі па валейболе датэрмінова завершаны без вызначэння пераможцаў
На пасяджэнні Выканаўчага камітэта Беларускай федэрацыі валейбола было прынята рашэнне аб датэрміновым спыненні чэмпіянату Беларусі сярод мужчынскіх і жаночых каманд. Такое рашэнне прынята ў мэтах процідзеяння распаўсюджванню каронавірусу. Спаборніцтвы завершацца без вызначэння пераможцаў і прызёраў у бягучым сезоне. Пытанне пра тое, якія каманды і ў якіх еўракубкавых турнірах будуць прадстаўляць Беларусь, будзе вырашана пазней, сумесна з Еўрапейскай канфедэрацыяй валейбола.
Менскі СКА заняў 11-е месца ў рэйтынгу гандбольных клубаў Еўропы усіх часоў
Менскі СКА заняў 11-е месца ў рэйтынгу найлепшых гандбольных клубаў Еўропы ўсіх часоў. Спіс складзены парталам handball-planet.com на падставе вынікаў еўрапейскіх клубных турніраў пачынаючы з 1956 года. За сваю гісторыю гандбалісты менскага СКА тройчы выйгравалі галоўны кантынентальны трафей – Кубак еўрапейскіх чэмпіёнаў (1987, 1989, 1990), двойчы станавіліся ўладальнікамі Кубка кубкаў (1983, 1988), па разу выйгралі Суперкубак (1989) і Кубак выкліку (2013 года). Усе гэтыя поспехі былі дасягнуты пад кіраўніцтвам беларускага трэнера Спартака Мірановіча. Дзякуючы дасягненням у актыве менскіх армейцаў 45 заліковых балаў у рэйтынгу. Найлепшы паказчык у іспанскай „Барселоны” – 160 ачкоў.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя