У канцы лютага плануецца абраць новае кіраўніцтва НАК Беларусі



У канцы лютага павінен прайсці алімпійскі сход, на якім будзе абранае новае кіраўніцтва НАК Беларусі, паведамляе „Трыбуна”. Федэрацыям ужо былі разасланыя лісты з прапановамі, каго б яны хацелі бачыць кіраўнікамі НАК.

Прэзідэнтам НАК з’яўляецца Аляксандр Лукашэнка, першым віцэ-прэзідэнтам працуе Віктар Лукашэнка. МАК раней увёў санкцыі супраць членаў выканкама НАК Беларусі.

Арына Сабаленка выйшла ў 1/32 фіналу Australian Open

Сёмая ракетка свету Арына Сабаленка выйшла ў 1/32 фіналу адкрытага чэмпіянату Аўстраліі па тэнісе. У першым раўндзе беларуска ўпэўнена перамагла ў двух сэтах славацкую тэнісістку Вікторыю Кужмаву (100-ы нумар рэйтынгу WTA) – 6:0, 6:4. У 1/32 фіналу Арына Сабаленка згуляе з расейкай Дар’яй Касаткінай (75). 9 лютага суперніцай двухразовай пераможцы Australian Open Вікторыі Азаранкі (13) будзе амерыканка Джэсіка Пегула (61). А Аляксандра Сасновіч (92) сустрэнецца з эстонкай Анэт Кантавэйт (22).

Ягор Герасімаў (79-ы нумар рэйтынгу АТР) у 1/64 фіналу абыграў француза Бенуа Пера (29) – 6:2, 2:6, 7:6 (7:5), 7:5. Наступным супернікам беларуса будзе расейскі тэнісіст Аслан Карацаў (114). 9 лютага яшчэ адзін беларус Ілья Івашка (110) сустрэнецца з расейцам Раманам Сафіуліным (183).

Андрэй Юрынок працягнуў кантракт з „Мяшкоў Брэст”

Левы крайні зборнай Беларусі Андрэй Юрынок падпісаў новае гадавое пагадненне з „Мяшкоў Брэст”. Андрэй Юрынок згуляў за берасцейскі гандбольны клуб 226 матчаў і закінуў 512 мячоў. Разам з камандай ён чатыры разы станавіўся чэмпіёнам Беларусі і тройчы браў Кубак краіны.

Андрэю Касціцыну скарацілі тэрмін дыскваліфікацыі ў Чэхіі

Форвард „Дынама” Пардубіцэ беларус Андрэй Касціцын зарабіў дыскваліфікацыю на 7 гульняў. Спартова-дысцыплінарны камітэт атрымаў у распараджэнне новае відэа інцыдэнту, дзякуючы чаму высветлілася, што беларускі хакеіст не трапіў у вобласць галавы і шыі пацярпеламу Адаму Рутару, які ў выніку адкараскаўся зламаным носам і некалькімі швамі. Кіраўнік „Дынама” падаў апеляцыю і дыскваліфікацыю Касціцыну паменшылі да трох гульняў.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: noc.by