У Маскве адбылося лёсаванне чэмпіянату свету па футболе



У маскоўскім Крамлі адбылося лёсаванне фінальнай стадыі чэмпіянату свету па футболе, які пройдзе ў 2018 годзе на палях 11 гарадоў Расейскай федэрацыі.

Задоўга да жараб’ёўкі 32 дружыны-фіналісты былі размеркаваныя на 4 поты. Пры тым Расея як гаспадар першынства трапіла ў актэт так званых „матак” – мацнейшых па рэйтынгу ФІФА. Далей зборныя размяркоўваліся па кошыках таксама ў адпаведнасці з сваім рэйтынгам.

Вось гэтыя васьмёркі пры сеянні:

Расея, Германія, Бразілія, Партугалія, Аргенціна, Бельгія, Польшча, Францыя;

Іспанія, Перу, Швайцарыя, Англія, Калумбія, Мексіка, Уругвай, Харватыя;

Данія, Ісляндыя, Коста-Рыка, Швецыя, Туніс, Егіпет, Сенегал, Іран;

Сербія, Нігерыя, Аўстралія, Японія, Марока, Панама, Карэя, Савудаўская Арабія.

Пры тым сістэма лёсавання была такой, каб каманды з аднога кантыненту не маглі трапіць разам у адну групу. За выняткам, зразумела, Еўропы, прадстаўніцтва якой на форуме такое, што гэтага ўнікнуць было проста немагчыма.

На ўрачыстай цырымоніі прысутнічалі многія трэнеры нацыянальных дружын, а таксама славутыя футбалісты мінулага.

На сцэну былі выкліканыя такія знакамітыя ў мінулым гульцы як Гордан Бэнкс, Мікіта Сіманян, Дыега Фарлан, Дыега Марадона, Ларан Блан, Кафу, Карлес Пуёль, Фабіё Канавара, Гары Лінекер, якія былі задзейнічаны ў жараб’ёўцы.

Поўныя вынікі лёсавання такія:

Група „А”: Расея, Савудаўская Арабія, Егіпет, Уругвай;

Група „В”: Партугалія, Іспанія, Марока, Іран;

Група „С”: Францыя, Аўстралія, Перу, Данія;

Група „D” : Аргенціна, Ісляндыя, Харватыя, Нігерыя;

Група „Е”: Бразілія, Швайцарыя, Коста-Рыка, Сербія;

Група „F”: Германія, Мексіка, Швецыя, Паўднёвая Карэя;

Група „G”: Бельгія, Панама, Туніс, Англія;

Група „H”: Польшча, Сенегал, Калумбія, Японія.

Чэмпіянат свету пройдзе з 14 чэрвеня па 15 ліпеня 2018 года.

Беларускае Радыё Рацыя