У Мазыры і Берасці стартаваў 11-ы тур футбольнага чэмпіянату Беларусі



Мазыр і Берасце прынялі стартавыя сустрэчы 11-га тура чэмпіянату Беларусі па футболе сярод каманд вышэйшай лігі. У першым паядынку футбалісты „Славіі” на полі мазырскага стадыёна „Юнацтва” сустрэліся з наваполацкім „Нафтанам” і перамаглі 1-0.

У папярэднім туры мазырцы ў Барысаве згулялі ўнічыю з БАТЭ 0:0, а наваполацкая каманда на хатняй арэне саступіла „Іслачы” 0:1. У другой гульні берасцейскае „Дынама” на сваёй арэне супернічала з „Мінскам” і перамагло 1:0. У мінулы ўік-энд дынамаўцы прайгралі ў гасцях сталічнаму „Энергетыку-БДУ” 0:1, а мінчане разышліся мірам з лідарам турніру сталічным „Дынамам” 1:1.

Заўтра пройдуць яшчэ тры матчы. Футбалісты „Смаргоні” сустрэнуцца з „Энергетыкам-БДУ”, у Жодзіне новаспечаны ўладальнік Кубка краіны „Тарпеда-БелАЗ” згуляе з салігорскім „Шахцёрам”. Сустрэча паміж „Белшынай” і футбалістамі „Гомеля” павінна была адбыцца ў Бабруйску, але поле стадыёна „Спартак” апынулася непрыдатным для гульні, і паядынак быў перанесены на стадыён „Цэнтральны” ў Гомелі.

Сабаленка выйшла ў 1/8 фіналу „Ралан Гарос”

Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка выйшла ў 1/8 фіналу адкрытага чэмпіянату Францыі па тэнісе. У трэцім раундзе другая ракетка планеты сустракалася з расіянкай Камілай Рахімавай, якая займае 82-е месца ў сусветным рэйтынгу, і ўпэўнена перамагла – 6:2, 6:2. У актыве беларускі 6 эйсаў, у пасіве – усяго адна падвойная памылка на падачах. Сустрэча працягвалася 1 гадзіну 7 хвілін. Наступнай суперніцай найлепшай беларускай тэнісісткі будзе пераможца матчу паміж амерыканкай Слоан Стывенс і прадстаўніцай Казахстана Юліяй Пуцінцавай.

Марціняк застаўся галоўным арбітрам фіналу Лігі чэмпіёнаў

Паляк Шымон Марціняк застаўся галоўным арбітрам фіналу Лігі чэмпіёнаў. „Пасля заявы Марціняка УЕФА прымае яго глыбокія выбачэнні і тлумачэнні. УЕФА таксама звязаўся з „NEVERAGAIN”, няўрадавай арганізацыяй, якая ўваходзіць у сетку FARE, якая першапачаткова выказала занепакоенасць з нагоды ўдзелу Марціняка ў мерапрыемстве. Яны папрасілі, каб Марціняк застаўся ў якасці суддзі маючага адбыцца фіналу Лігі чэмпіёнаў, цвёрда заявіўшы, што яго адхіленне падарве прасоўванне антыдыскрымінацыі. Грунтуючыся на прадстаўленай інфармацыі, УЕФА пацвярджае, што Марціняк будзе выконваць свае абавязкі ў якасці арбітра фіналу Лігі чэмпіёнаў”, –  гаворыцца ў заяве.

Баярчук працягне кар’еру ў „Нёмане”

„Выхаванец гарадзенскай школы хакея Павел Баярчук працягне кар’еру ў „Нёмане”. У сезоне-2022/23 форвард правёў 44 матчы за гарадзенскую каманду, набраў 27 (13+15) ачкоў. У плэй-оф нападнік дадаў у скарбонку 9 (5+4) ачкоў у 17 матчах”, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы клуба.

„Дэнвер” перайграў „Маямі” ў першым матчы, дзякуючы трыпл-даблу Йокіча

У чацвер стартавала фінальная серыя плэй-оф НБА. „Дэнвер” перайграў „Маямі” 104:93, дзякуючы трыпл-даблу Ніколы Йокіча. У яго 27 ачкоў, 10 падбораў і 14 перадач.

Беларускае Радыё Рацыя