У Менску пройдзе спартовы фестываль „Мова Cup”
28 верасня ў Менску, у спартовым комплексе Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы, адбудзецца нацыянальны спартовы фестываль „Мова Cup”, які яшчэ не меў аналагаў у гісторыі беларускага спорту.
Уся плошча комплексу будзе аддадзена менчукам і гасцям сталіцы, якія прымуць удзел у спаборніцтвах па шматлікіх відах спорту. Ідэя фестывалю належыць групе зорных беларускіх атлетаў з вядомага дабрачыннага праекта „Мары збываюцца”. Адная з хэдлайнераў „Мова Cup” Аляксандра Герасiменя ўжо не першы раз спрабуе сабраць на адзiнай пляцоўцы зорак беларускага спорту i звычайных беларусаў — аматараў здаровага ладу жыцця.
На гэта раз Аляксандра i кампанiя зробяць усё, каб усе знайшлi сабе справу па iнтарэсах. Адны пазмагаюцца за прызы ад шматлікіх спонсараў у камандных дысцыплінах, другiя наведаюць паказальныя спаборніцтвы ў індывідуальных і, напэўна, запішуць сваё дзiця ў тую секцыю, якая спадабаецца яму больш за іншыя.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота «Прессбол»