У Менску згуляюць Сабаленка і Сасновіч



Сёння, 6 траўня, у Менску стартуюць матчавыя сустрэчы тэніснага турніра Belarus Insurance Cup, у якіх паўдзельнічаюць зоркі беларускага тэнісу Арына Сабаленка і Аляксандра Сасновіч. Як паведамляе прэс-служба Міністэрства спорту і турызму, у мэтах бяспекі ў Палацы тэнісу не будзе заўзятараў. Паядынкі пакажуць тэлеканал „Беларусь 5” і канал „Беларусь 5. Інтэрнэт”.

„Матор” абвясціў пра пераход галкіпера Івана Мароза

Беларускі галкіпер Іван Мароз афіцыйна стаў гульцом запарожскага  гандбольнага клуба „Матор”. Бакі заключылі двухгадовы кантракт. 27-гадовы галкіпер пачынаў кар’еру ў „Гомелі”. Пазней ён правёў чатыры сезоны ў СКА. За нацыянальную каманду Беларусі галкіпер згуляў сем матчаў. У гэтым сезоне ён быў у пашыраным складзе зборнай на Еўра-2020, але на кантынентальным першынстве не выступаў.

Андрэй Касціцын блізкі да пераходу ў „Нафтахімік”

Агент Аляксандр Чарных распавёў, што беларускі форвард Андрэй Касціцын блізкі да пераходу ў „Нафтахімік”. „Андрэй Касціцын перш за ўсё хацеў бы застацца ў менскім „Дынама”, але з-за нестабільнай фінансавай сітуацыі клуба былі вымушаныя шукаць іншыя варыянты ў КХЛ. Разглядалі некалькі каманд, але, хучэй за ўсё, бліжэйшым часам дамовімся з „Нафтахімікам”, – цытуе Чарных „Спорт-Экспрэс”. У мінулым сезоне Касціцын-старэйшы ў 60 матчах за менскае „Дынама” набраў 34 (17+17) ачкі.

„Беларуськалій” перастаў спансараваць менскае „Дынама”

„Беларуськалій” спыніў фінансавую падтрымку хакейнага клуба „Дынама-Мінск” са студзеня бягучага года. Пра гэта паведаміў генеральны дырэктар беларускага прадстаўніка ў КХЛ Дзмітрый Баскаў, каментуючы сыход капітана каманды Андрэя Касціцына. Перш чым прыняць гэтае рашэнне, Андрэй абмеркаваў яго. І сам гулец, і клуб былі гатовыя працягнуць супрацоўніцтва, але са студзеня асноўны партнёр прыпыніў падтрымку клуба, утварыліся даўгі па заробках гульцоў за мінулы сезон. Вельмі ўдзячныя Касціцыну за тое, што ён зрабіў для „Дынама”. Гэта хакеіст сусветнага роўню, які быў лідарам каманды і годна насіў нашыўку капітана. На ім грунтавалася гульня не толькі «Дынама», але і нацыянальнай зборнай, – прыводзіць словы Баскава афіцыйны сайт „Дынама”.

Беларускі абаронца Уладзіслаў Баркоўскі абраны на драфце USHL

Абаронца моладзевай зборнай Беларусі Уладзіслаў Баркоўскі абраны на драфце галоўнай юніёрскай лігі ЗША  USHL камандай „Янгстаун” пад агульным 133-м нумарам. Баркоўскі – выхаванец „Юнацтва”. За тры сезоны правёў у яго складзе 83 матчы ў экстралізе, у якіх набраў 8 (2 + 6) ачкоў пры 34 хвілінах штрафу і паказчыку карыснасці „+14”. У сезоне 2018/19 стаў чэмпіёнам краіны. Па выніках маладзёжнага чэмпіянату свету ў Менску быў прызнаны найлепшым гульцом у складзе беларускай зборнай, нагадвае hockey.by.

10 траўня іспанскі канал пакажа дынамаўскае дэрбі Берасця і Менска

Іспанскі тэлеканал El Chiringuito анансаваў прамую трансляцыю матчу 8-га тура чэмпіянату Беларусі па футболе паміж берасцейскім і менскім „Дынама”. Гульня пройдзе ў Берасці ў нядзелю, 10 траўня. Сустрэчу можна будзе паглядзець у YouTube.

Чэмпіянат Нямеччыны па футболе могуць аднавіць 15 траўня

Чэмпіянат Нямеччыны па футболе можа быць адноўлены 15 траўня пасля паслаблення ў краіне абмежавальных мер, прынятых з-за каронавіруса. Пра гэта паведамляе ТАСС са спасылкай на агенцтва Reuters. Як адзначаецца ў паведамленні, аднаўленне чэмпіянату абмяркуюць у ліку іншых пытанняў на відэаканферэнцыі канцлера Ангелы Меркель з прэм’ер-міністрамі федэральных зямель краіны. Калі чэмпіянат адновяць, матчы будуць праходзіць пад строгім кантролем і без гледачоў. Чэмпіянат Нямеччыны прыпынілі 13 сакавіка. Адзіным еўрапейскім першынствам, матчы якога праводзяцца ў дадзены момант, застаецца чэмпіянат Беларусі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя