У папярэдні спіс прэтэндэнтаў на драфт-2020 трапіў толькі адзін беларус
Цэнтральнае скаўцкай бюро НХЛ апублікавала папярэдні рэйтынг хакеістаў, якіх могуць выбраць на драфце-2020, што пройдзе ў Манрэалі ў чэрвені наступнага года. У спіс трапіў толькі адзін беларус – 17-гадовы абаронца „Летбрыджа” (WHL) Даніла Паліўка (2001). Выхаванец наваполацкага хакея трапіў у спіс С, куды ўваходзяць хакеісты, якія не прэтэндуюць на высокія пазіцыі на бліжэйшым драфце. Паліўка выступае ў Заходняй хакейнай лізе другі сезон. У сёлетнім чэмпіянаце ён правёў 6 матчаў, у якіх не адзначыўся выніковымі баламі пры паказчыку карыснасці -4.
Беларускія футбалісткі занялі трэцяе месца ў кваліфікацыйным турніры юніёрскага ЧЕ
Футбалісткі юніёрскай зборнай Беларусі перамаглі ў 3-м туры кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы (U-19), абыграўшы каманду Кіпра з лікам 6:0. У паралельным матчы групы 11 англічанкі ў гасцях абыгралі сербскіх футбалістак з лікам 6:0. На старце цяперашняга адборавага цыклу беларускі спачатку саступілі сербкам – 1:4, а затым англічанкам – 0:3.
Ілля Шымановіч паказаў лепшы вынік на 100 м брасам на этапе ISL ў ЗША
Беларус Ілля Шымановіч паказаў найлепшы вынік на дыстанцыі 100 м брасам на першым этапе Міжнароднай лігі плавання, які прайшоў у Індыянапалісе (ЗША). Спаборніцтвы праводзіліся на кароткай вадзе. На другой пазіцыі размясціўся італьянец Нікола Марцінэнгі. Трэці расеец Антон Чупкоў. Таксама на рахунку Іллі Шымановіча другая пазіцыя ў заплыве на 200 м брасам. Першым фінішаваў расеец Антон Чупкоў. Замкнуў тройку наймацнейшых спартовец з ЗША Нік Фінк.
Тры беларускія водналыжнікі выступяць на Сусветных пляжных гульнях у Катары
Тры беларускія водналыжнікі выступяць на Сусветных пляжных гульнях, якія пройдуць 12-16 кастрычніка ў Досе (Катар). Беларускую зборную прадставяць Сцяпан Шпак, Ганна Стральцова і Аляксандра Данішеўская. На будучыя старты адпраўляюцца вядучыя атлеты, якія ўжо дэманстравалі высокія вынікі на міжнародных стартах. Ганна Стральцова з’яўляецца срэбным прызёрам чэмпіянату свету 2019 года.
Улады Кракава афіцыйна пацвердзілі правядзенне Еўрапейскіх гульняў у 2023 годзе
Улады Кракава і Малапольскага ваяводства Польшчы падпісалі ліст аб намеры афіцыйна пацвердзіць сваё сумеснае супрацоўніцтва ў арганізацыі III Еўрапейскіх гульняў у 2023 годзе. Раней мэр горада заяўляў, што Кракаў, хутчэй за ўсё, адмовіцца ад Еўрапейскіх гульняў з-за адсутнасці фінансавання.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя