У Пекіне афіцыйна закрыліся XXIV зімовыя Алімпійскія гульні



Урачыстая цырымонія закрыцця XXIV зімовых Алімпійскіх гульняў завяршылася на Нацыянальным стадыёне Пекіна. Для беларусаў гэта былі восьмыя зімовыя Гульні ў суверэннай гісторыі. Зборная Беларусі ў медальным заліку з двума сярэбранымі медалямі размясцілася на антырэкордным 24-м месцы. Да гэтага найгоршым паказчыкам Беларусі была 23-я пазіцыя ў Солт-Лейк-Сіці-2002. Зборная Нарвегіі выйграла медальны залік Алімпіяды: нарвежскія спартоўцы заваявалі больш за ўсіх залатых медалёў — 16, а таксама больш за астатніх ўзнагародаў ў цэлым — 37 (16 залатых, 8 сярэбраных і 13 бронзавых).

Менскі СКА выйшаў у чвэрцьфінал Кубка ЕГФ

Менскі СКА перамог ў хатнім матчы 1/8 фіналу Кубка ЕГФ над „Шэўдэ” са Швецыі з лікам 29:28 і выйшаў у наступны раунд розыгрышу другога па значнасці штогадовага турніру еўрапейскіх гандбольных клубаў.
Перамога была дасягнута ў серыі пасляматчавых сяміметровых пасля таго як асноўны час паядынку завяршыўся ўнічыю 26:26, як і ў першым супрацьборстве беларускай і шведскай дружын. У складзе менчан Яўген Нікановіч закінуў 8 мячоў.

«Ліда» прайграла «Брэсту»

Хакеісты «Ліды» з лікам 3:4 прайгралі ў авертайме чэмпіяната Беларусі па хакеі «Брэсту». Рыцарам каб захаваць шанцы на 10-е месца і пуцёўку ў плэй-ін, прайграваць „Брэсту” было нельга. Такім чынам, «Брэст» на 1 ачко абагнаў «Магілёў», які акрыяў духам у трэцім перыядзе, але не здолеў дагнаць «Лакаматыў» 2:3. „Хімік” абыграў „Дынама-Маладэчна” 2:1.

Андрэй Арамнаў заняў другое месца на Кубку Беларусі па цяжкай атлетыцы

Алімпійскі чэмпіён-2008 Андрэй Арамнаў заняў другое месца на Кубку Беларусі па цяжкай атлетыцы. У вагавай катэгорыяі звыш 109 кг ён падняў у суме 342 кілаграмы – 150 у рыўку і 192 у штуршку. Першае месца з вынікам 406 кілаграмаў заняў Эдуард Зязюлін – 192 у рыўку і 214 у штуршку.

Азаранка перамагла на старце турніру ў горадзе Доха

Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка, якая мае 17-ы нумар сусветнага рэйтынгу, паспяхова стартавала на турніры катэгорыі WTA-1000 у катарскай Досе з прызавым фондам 2 мільёны 300 тысяч даляраў. У першым раундзе экс-першая ракетка свету сустракалася з 42-й ракеткай планеты прадстаўніцай Казахстана Юліяй Пуцінцавай і перамагла ў напружаным трохсэтавым паядынку – 5:7, 6:2, 7:5. Сустрэча працягвалася 2 гадзіны 45 хвілін. У 1/16 фіналу Вікторыя Азаранка згуляе з амерыканкай Мэдысан Брэнгл.
Лепшая беларуская тэнісістка, другая ракетка планеты Арына Сабаленка, пасеяная пад першым нумарам, пачала выступы ў катарскай сталіцы з 1/16 фіналу. Яе саперніцай будзе пераможца матчу паміж расейкай Людмілай Самсонавай і францужанкай Алізэ Карнэ.

„Барселона” разграміла „Валенсію”

У 25-м туры Ла Лігі „Барселона” разграміла ў гасцях „Валенсію” 4:1.
Навічок каталонцаў П’ер-Эмерык Абамеянг аформіў хет-трык. «Барса» набрала 42 ачкі і займае 4 месца ў турнірнай табліцы. „Атлетык” разграміў „Рэал Сасьедад” у баскскім дэрбі — 4:0. „Манчэстэр Юнайтэд” перамог „Лідс” у гасцявым матчы 26-га тура англійскай Прэм’ер-лігі 4:2. У Фернандэша гол і перадача, Раналду не забіў. Міланскі „Інтэр” прайграў „Сасуола” ў матчы 26-га тура чэмпіянату Італіі — 0:2. „Лейпцыг” перамог „Герту” ў матчы 23-га тура чэмпіянату Германіі — 6:1 – дублем адзначыўся Нкунку. Дортмундская „Барусія” разграміла гладбахскую „Барусію” — 6:0 — два галы забіў Марка Ройс. Дортмунд з 49 ачкамі займае другое месца ў турнірнай табліцы, у Менхенгладбаха 26 балаў і 13-я пазіцыя.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя