У спрэчцы паміж БФФ і Іллём Шкурыным ФІФА стала на бок гульца
Дысцыплінарны камітэт ФІФА стаў на бок нападніка ЦСКА Іллі Шкурына ў спрэчцы з Беларускай федэрацыяй футбола і вырашыў не ўжываць санкцыі да футбаліста за адмову выступаць за зборную.
Слуханне па справе адбылося 14 студзеня, па яго выніках ДК зняў усе абвінавачванні з форварда. Раней Шкурын заявіў, што не будзе выступаць за нацыянальную каманду да змены ўлады ў краіне. Пасля гэтага стала вядома, што нападнік выключаны са складу нацыянальных каманд Беларусі на 2021 год і пазбаўлены льготы па адтэрміноўцы вайсковай службы.
Андрэй Хачатуран і Юры Габоўда застаюцца ў „Тарпеда”-БелАЗ
Паўабаронцы Андрэй Хачатуран і Юры Габоўда працягнулі кантракты з „Тарпеда”-БелАЗ, у складзе якога сталі бронзавымі прызёрамі чэмпіянату Беларусі-2020. Габоўда падоўжыў супрацоўніцтва на доўгі тэрмін, – перадае суполка „Тарпеда” Укантакце. Украінец у 10 матчах чэмпіянату набраў 7 (6+1) ачкоў па сістэме „гол+пас”. На рахунку гульца зборнай Беларусі Хачатурана 6 галоў і 6 перадач у 26 матчах вышэйшай лігі.
Сенегальскі нападнік Абдулайе Дыяла вярнуўся ў „Рух” па заканчэнні тэрміну арэнднага пагаднення з берасцейскім „Дынама”.
Арына Сабаленка паднялася на сёмае месца ў рэйтынгу WTA
Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка паднялася на сёмае месца ў сусветным рэйтынгу. За ўвесь час выступаў гэта пакуль яе лепшая пазіцыя ў рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі. Перад стартам першага ў сезоне турніру ў Абу-Дабі, Арына Сабаленка была дзясятай ракеткай планеты, а пасля перамогі паднялася на тры радкі. Беларуска Вікторыя Азаранка займае 13-е месца ў рэйтынгу. Аляксандра Сасновіч знаходзіцца на 90-й пазіцыі. Лідзіруе Эшлі Барці з Аўстраліі.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: sports.ru