У трэніравальны лагер жаночай футбольнай зборнай Беларусі выкліканы 24 гульцы
Галоўны трэнер жаночай зборнай Беларусі па футболе Юрый Малееў вызначыў склад для падрыхтоўкі да чарговага адборавага матчу чэмпіянату Еўропы з камандай Паўночнай Ірландыі.
У трэніравальны лагер выкліканыя 24 футбалісткі, роўна палову з іх складаюць футбалісткі сталічнага „Дынама-БДУФК”, таксама ў складзе нападніца гарадзенскага «Нёмана» Кацярына Дудко.
Беларуская каманда павінна была згуляць у гасцях у лідараў нарвежак, але ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй матч быў перанесены на наступны год. Зараз беларускі будуць рыхтавацца ў Менску, а 27 кастрычніка на полі сталічнага стадыёна „Дынама” правядуць сустрэчу са зборнай Паўночнай Ірландыі (пачатак у 19 гадзін, уваход вольны).
Для зборнай Беларусі гэта будзе пяты паядынак у кваліфікацыйнай групе С. Да гэтага яны двойчы абыгралі аўтсайдара турніру – каманду Фарэрскіх выспаў – 6:0 і 2:0 , а таксама на сваім полі пацярпелі дзве паразы ад Нарвегіі – 1:7 і Уэльса – 0:1. Цяпер становішча ў групе С такое: Нарвегія – 15 ачкоў пасля 5 матчаў, Уэльс — 8, Беларусь мае 6 ачкоў пасля 4 сустрэч, Паўночная Ірландыя – 5 і Фарэрскія выспы – 0 ачкоў пасля 5 гульняў. Напрамую ў фінальную стадыю жаночага кантынентальнага першынства выйдуць пераможцы 9 кваліфікацыйных груп, а таксама 3 лепшыя каманды з тых, якія занялі другія месцы.
„Баварыя” згуляе з „Атлетыка”, „Манчэстар Сіці” з „Порту” у Лізе чэмпіёнаў
Сёння адбудуцца чарговыя матчы 1-га тура групавога этапу Лігі чэмпіёнаў. У групе „A” „Зальцбург” прымае „Лакаматыў” з беларускім нападнікам Віталём Лісаковічам, а „Баварыя” праверыць абарону „Атлетыка”.
У групе „B” мадрыдскі „Рэал” без Серхіа Рамаса праэкзаменуе „Шахцёр” , а „Інтэр” згуляе з „Барусія” Менхенгладбах.
У групе „C” „Алімпіякас” прымае „Марсэль”, „Манчэстар Сіці” пазмагаецца з „Порту”.
У групе „D” „Аякс” на хатняй арэне правядзе матч з „Ліверпулем”, дацкі „Мідт’юланд” згуляе з італьянскай „Аталантай”.
Напярэдадні футбалісты „Краснадара” згулялі ўнічыю ў дэбютным паядынку Лігі чэмпіёнаў з французскім „Рэнам” 1:1. Беларускі абаронца краснадарцаў Аляксандр Мартыновіч не гуляў з-за траўмы. У іншым паядынку папярэдняй групы Е англійскі „Чэлсі” ў Лондане разышоўся мірам з іспанскай „Севільяй” — 0:0. Чэмпіён Расеі „Зеніт”, які выступае ў квартэце F, прайграў у Санкт-Пецярбургу бельгійскаму „Бруге” 1:2. Італьянскі „Лацыё” у Рыме быў мацней за дортмундскую „Барусію” — 3:1. У групе G футбалісты кіеўскага „Дынама” прымалі на сваёй арэне італьянскі „Ювентус” з Турына і саступілі з лікам 0:2. Іспанская „Барселона” разграміла на хатняй арэне вугорскі „Ферэнцвараш” – 5:1.
У квартэце Н французскі чэмпіён „Пары Сэн-Жэрмэн” на сваім полі саступіў англійскаму „Манчэстар Юнайтэд” з лікам 1:2. Нямецкі „Лейпцыг” перайграў яшчэ аднаго дэбютанта групавога этапу Лігі чэмпіёнаў турэцкі клуб „Істанбул” – 2:0.
Кірыл Касьянік і Кацярына Поршнева сталі пераможцамі першага дня адкрытага чэмпіянату Беларусі па фехтаванні
Сталі вядомыя прызёры першага дня адкрытага чэмпіянату Беларусі па фехтаванні, які стартаваў на „Чыжоўка-Арэне” ў Менску. На фехтавальныя дарожкі сталічнага спорткомплексу выйшлі майстры шпажнага фехтавання ў індывідуальных спаборніцтвах.
У мужчын не было роўных спартоўцу з Менскай вобласці Кірылу Касьяніку. У жаночых стартах вікторыю святкавала Кацярына Поршнева з каманды Гомельскай вобласці. Сёння праходзяць камандныя старты ў фехтаванні на шпагах у жанчын і мужчын.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: team.abff.by