Удалы старт „Цмокаў” у Лізе чэмпіёнаў
Баскетбалісты клубу „Цмокі-Мінск” вельмі ўдала стартавалі ў новым еўрапейскім турніры – Лізе чэмпіёнаў. У першым матчы 1-га кваліфікацыйнага раўнду чэмпіёны Беларусі на выездзе дамагліся важкай перамогі над балгарскім „Рыльскі-Спортыст” – 72:58. Пасля першай паловы падначаленыя Ігара Грышчука былі наперадзе 32:23, а потым здолелі ўтрымаць і нават нарасціць сваю перавагу.
Калі ў другім матчы, які пройдзе ў Менску 29 верасня, не здарыцца надзвычайнага правалу, то „цмокі” выйдуць у другі раўнд, дзе іх супернікам стане ізраільскі клуб „Нагарыя”. Там змаганне пойдзе ўжо за выхад у групавы раўнд Лігі чэмпіёнаў.
Беларускае Радыё Рацыя