Удалы візіт „Дынама” у Хельсінкі



У чарговым матчы КХЛ менскае „Дынама” удала пагасцявала ў Хельсінкі. Выяздны матч з „Ёкерытам” прынёс „зубрам” чарговыя тры ачкі – сустрэча завяршылася з сухім лікам 3:0 на карысць беларускай каманды.

Госці дамінавалі цягам усёй сустрэчы. Лік у бальшыні на 15-й хвіліне адкрыў Фрэдрык Петарсан. На 19-й, калі бела-блакітныя гулялі ў меншасці, сваё прозвішча на табло запісаў Роб Клінкхамер, які вярнуўся на лёд пасля траўмы. Канчатковы вынік падвёў Раман Грабарэнка ў канцоўцы, калі гаспадары лёду замянілі брамніка шостым палявым гульцом – шайбу да мэты абаронец накіраваў з сваёй паловы пляцоўкі.

Такім чынам брамнік „Дынама” Бен Скрывенс згуляў 8-ы матч у сезоне „на нуль”.  „Зубры” набралі ўжо 93 ачкі, ідуць на 6-ым месцы Заходняй канферэнцыі. Ад 5-га месца, якое займае маскоўскае „Дынама”, менскія дынамаўцы адстаюць на 5 ачкоў, але маюць яшчэ 2 гульні ў запасе.

Беларускае Радыё Рацыя