Удзельнікі Еўрагульняў у Менску будуць есці пад відэаназіраннем



У сталовай для спартсменаў-удзельнікаў Еўрапейскіх гульняў будуць устаноўленыя відэакамеры, паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Менску кіраўнік па арганізацыі харчавання фонду „Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года” Антон Ягораў.

– У нас выпадкі падсыпаць, падліць практычна немагчымыя, бо што тычыцца ежы, гэтым цалкам займаецца повар. Але калі спартовец адышоў, то яму могуць канкурэнты нешта падсыпаць. І відэаназіранне канешне ж будзе ў сталовай для спартоўцаў. Усё гэта будзе праглядаць наша служба бяспекі і разбіраць канкрэтныя выпадкі, калі чалавек кажа, што нешта адбылася і гэта можна будзе паглядзець, зафіксаваць.

Таксама будзе арганізаваны дадатковы допінг-кантроль мясной і малочнай прадукцыі, маянэзаў, для падрыхтоўкі якіх выкарыстоўваецца прывазная сыравіна, перш за ўсё з Паўднёвай Амерыкі.

Асноўная сталовая для спартсменаў будзе працаваць кругласутачна, яна разлічана на 2 тысячы пасадачных месцаў.

Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя, Менск