УЕФА папярэдзіла Расею і Англію аб магчымай дыскваліфікацыі
Саюз еўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА) заявіў, што зборныя Расеі і Англіі могуць быць дыскваліфікаваныя і не змогуць больш удзельнічаць у Еўра-2016, калі фанаты гэтых камандаў і далей будуць удзельнічаць у беспарадках.
У заяве УЕФА гаворыцца, што саюз «не выключае ўвядзенне дадатковых санкцый у дачыненні да Асацыяцыі футбола Англіі і Расейскага футбольнага саюза аж да дыскваліфікацыі камандаў з турніру ў выпадку, калі такі гвалт паўторыцца».
Раней стала вядома, што УЕФА адкрыла дысцыплінарнае слуханне ў дачыненні да Расейскага футбольнага саюза па выніках матчу чэмпіянату Еўропы Расея — Англія.
Заўзятарам зборнай Расеі ставяцца ў віну беспарадкі, расісцкія паводзіны і выкарыстанне піратэхнікі, паведамляецца на афіцыйным сайце УЕФА.
Расейскі міністр спорту Віталь Мутко адзначыў, што трыбуны заўзятараў не былі падзеленыя спецыяльнай буфернай зонай.