УЕФА змяняе фармат правядзення футбольных еўракубкавых турніраў
Саюз еўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА) вырашыў змяніць фармат правядзення Лігі чэмпіёнаў і Лігі Еўропы.
Пачынаючы з сезона-2018/2019 прамыя пуцёўкі ў групавы этап галоўнага кантынентальнага турніру Лігі чэмпіёнаў атрымаюць 26 каманд. Сярод іх пераможцы ЛЧ і ЛЕ папярэдняга сезона, а таксама па 4 мацнейшыя клубы з чатырох асацыяцый з найвышэйшым рэйтынгам (Іспанія, Германія, Англія, Італія), па 2 – ад асацыяцый, якія займаюць пятае і шостае месцы ў клубным рэйтынгу УЕФА (Францыя і Расія), а таксама чэмпіёны асацыяцый з сёмай па дзясятую пазіцыі (Партугалія, Украіна, Бельгія, Турцыя). Адна асацыяцыя можа быць прадстаўлена на групавым этапе максімум пяццю клубамі. Астатнія 6 удзельнікаў групавога этапу вызначацца пасля кваліфікацыйных раўндаў. Як і раней, каманды будуць прабівацца ў групы двума шляхамі – чэмпіёнаў і прадстаўнікоў ліг. Барысаўскі БАТЭ выступіць сярод чэмпіёнаў, прадстаўнікі якіх у выніку атрымаюць 4 пуцёўкі ў групавы раўнд, яшчэ два пропускі дастануцца прадстаўнікам ліг.
У групавы этап Лігі Еўропы трапяць 17 каманд з самых рэйтынгавых асацыяцый, яшчэ 10 каманд аўтаматычна атрымаюць пуцёўкі ў асноўную сетку пасля вылету з раўнда плэй-оф і трэцяга адборачнага раўнда Лігі чэмпіёнаў. 21 месца будзе разыграна ў кваліфікацыйных этапах. Беларусь у другім па рангу клубным турніры Старога Свету прадставяць два прызёры нацыянальнага чэмпіянату (мінскае „Дынама” і салігорскі „Шахцёр”) і ўладальнік Кубка краіны.
Матчы кваліфікацыі ЛЧ пачнуцца 26 чэрвеня. Групавы этап чэмпіёнскай Лігі пройдзе з 18 верасня па 12 снежня, паядынкі плэй-оф – з 12 лютага па 8 мая, фінальны матч пройдзе 1 чэрвеня 2019 года на мадрыдскім стадыёне.
Кваліфікацыйныя сустрэчы ЛЕ стартуюць 28 чэрвеня, матчы ў групах будуць згуляны з 20 верасня па 13 снежня бягучага года, плэй-оф – з 14 лютага па 9 мая 2019 года, вырашальны паядынак Лігі Еўропы пройдзе 29 мая на стадыёне „Алімпійскі” ў Баку.