УЕФА змяняе фарматы кантынентальных турніраў па міні-футболе
Выканкам Саюза еўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА) на пасяджэнні ў Хельсінкі прыняў рашэнне змяніць фарматы кантынентальных турніраў па міні-футболе.
У прыватнасці, чэмпіянат Еўропы, які цяпер праводзіцца раз у два гады з удзелам 12 каманд, будзе праходзіць раз у чатырохгоддзе і з удзелам 16 зборных. Першае першынство Старога Свету ў новым фармаце пройдзе ў 2022 годзе. Кантынентальны чэмпіянат 2018 года ў славенскай Любляне стане апошнім праведзеным па ранейшай формуле. Зборная Беларусі мае шанц трапіць на фінальны турнір у Славенію, але для гэтага ёй трэба паспяхова выступіць у заключным кваліфікацыйным раўндзе, які стартуе 8 красавіка ў Тбілісі.
Галоўны клубны міні-футбольны турнір, які цяпер называецца Кубак УЕФА, пачынаючы з сезона 2018/2019 трансфармуецца ў Лігу чэмпіёнаў УЕФА па міні-футболе. Яго новы фармат будзе зацверджаны пазней, але захаваюцца папярэдні, асноўны, элітны і фінальны раўнды.
Акрамя таго, у календары з’явіцца некалькі абсалютна новых турніраў па міні-футболе. Так, з 2019 года раз у два гады будзе праводзіцца чэмпіянат Еўропы сярод жанчын і кантынентальнае першынство сярод юнацкіх зборных да 19 гадоў.