Уімблдон: Лапко і Азаранка выбылі з турніру
Беларуская тэнісістка Вера Лапко, якая мае 82-ы нумар рэйтынгу WTA, прайграла немцы Юліі Гёргес у 1/32 фіналу на Уімблдонскім турніры. Вера Лапко ўпершыню ў кар’еры выйшла ў другі раўнд турніру серыі “Вялікага шлема”, але далей прабіцца не змагла. Першую партыю Вера прайграла амаль без барацьбы – 2:6, у другім сэце сабралася і перамагла з лікам 6:3. У вырашальнай партыі беларуска змагалася з усіх сіл, адыгралася з ліку 0:2, але ў выніку поспеху дамаглася больш дасведчаная Гёргес – 6:2.
Аляксандра Сасновіч, якая абыграла на старце двухразовую чэмпіёнку Уімблдона чэшку Петру Квітаву, свой паядынак другога раўнда правядзе сёння супраць амерыканкі Тэйлар Таунсэнд. Яшчэ дзве беларускі ўжо завяршылі выступы ў адзіночным разрадзе Уімблдона. Арына Сабаленка прайграла ў першым раўндзе, а Вікторыя Азаранка выбыла з барацьбы пасля другога, саступіўшы 8-й ракетцы свету чэшцы Караліне Плішкавай у двух сетах – 3:6, 3:6.
Беларускія тэнісісты пачалі выступы ў парных разрадах Уімблдонскага турніру. У мужчын Андрэй Васілеўскі і харват Антоніа Санчыч перайгралі японскі дуэт Таро Даніэль / Есіхіто Нісіоко – 6:3, 6:4, 6:4. У спаборніцтвах жаночых пар Аляксандра Сасновіч і кітаянка Дуань Ін’ін саступілі амерыканска-румынскаму тандэму Кейтлін Крысціян / Ана Багдан – 3:6, 4:6.
Беларускае Радыё Рацыя