Ухань: Арына Сабаленка выйшла ў чвэрцьфінал
На буйным і прадстаўнічым тэнісным турніры ў кітайскім Ухані беларуска Арына Сабаленка на стадыі 1/8-й фіналу сустракалася з прадстаўніцай ЗША расейскага паходжання Сафіяй Кенін.
Сустрэча завяршылася ў дзвюх партыях дастаткова ўпэўненай перамогай беларускі – 6:3, 6:3. У чвэрцьфінале Сабаленка сустрэнецца з славачкай Дамінікай Цыбулкавай, пераможцай спабору з расейкай Дар’яй Касаткінай – 6:3, 7:6 (7:3).
Іншая беларуская тэнісістка Вера Лапко выйшла ў трэці круг на турніры ў Ташкенце. У другім раўндзе яна ўпэўнена перамагла сербку Івану Ёравіч 6:2, 6:4. Далей Лапко пазмагаецца з немкай Монай Бартэль.
Беларускае Радыё Рацыя
