Ухань: Арына Сабаленка выйшла ў фінал!



28 верасня ў кітайскім горадзе Ухань на прадстаўнічым і грашова буйным жаночым тэнісным турніры прайшлі паўфінальныя сустрэчы.

Першай фіналісткай стала эстонка Анэт Контавэйт. У спаборы з кітайскай тэнісісткай Цян Ван яна выйграла першы сет з лікам 6:2, а ў другой партыі пры ліку 2:1 на карысць прадстаўніцы Эстоніі, кітайка знялася з матчу.

Пазней на корт выйшлі беларуска Арына Сабаленка і аўстралійка Эшлі Барці. У першай партыі тэхнічная аўстралійка навязала беларусцы сваю манеру гульні і ў значнай ступені збянтэжыла суперніцу. Пры ліку 2:2 Барці зрабіла брэйк, далей упэўнена трымала сваю падачу і пры ліку 5:4 выйшла падаваць на сет. Аднак, валявая Сабаленка зрабіла адваротны брэйк, а пры ліку 6:6 не пакінула ў заключным скарочаным гейме ніякіх шанцаў апанентцы – 7:2 і выніковыя 7:6 у партыі.

Другі сет Сабаленка пачала з таго, што ўпэўнена ўзяла чужую падачу, а пасля сваю, дамаглася чаргова брэйк-пойнту, але не рэалізавала яго – 2:1. Далей суперніцы бралі сваю падачу, пры тым больш упэўнена глядзелася беларуска, якая граміла Барці эйсамі. Пры ліку 5:4 Сабаленка выйшла падаваць на матч. Арына ўпэўнена правяла гэты гейм і з першага ж матч-болу ўзяла сваё – 6:4.

Тым самым Сабаленка не толькі выйшла ў фінал, але і ўзяла ў Барці рэванш за паразу на сёлетнім Australian Open.

Беларускае Радыё Рацыя