Ухань: Арына Сабаленка выйшла ў паўфінал



Арына Сабаленка правяла чвэрцьфінальны паядынак буйнага прадстаўнічага тэніснага турніру ў кітайскім горадзе Ухань. На гэтай стадыі ёй супрацьдзеіла дасведчаная славачка Дамініка Цыбулкава.

Пачатак першага сету Сабаленка праваліла – 0:2. Аднак затым беларуска ўпэўнена дыктавала свае ўмовы, а апошні гейм у партыі на падачы суперніцы ўзяла „пад нуль”. У выніку 7:5 на карысць Арыны у першым сеце.

У другой партыі Сабаленка працягвала навязваць суперніцы тэмпавы сілавы тэніс, які Цыбулкава проста не вытрымлівала. Сабаленка павяла 3:0, пасля чаго славачка ўрэшце ўзяла гейм. А пасля гэтага „ажыўшая” Цыбулкава зрабіла брэйк – 3:2. Сабаленка скарысталася тайм-аўтам і вярнула брэйк і агульную перавагу. Пасля чаго давяла сет і матч да вікторыі – 6:3.

У паўфінале кітайскага турніру Сабаленка сустрэнецца 28 верасня з аўстралійкай Эшлі Барці.

А вось іншая беларуская тэнісістка Вера Лапко прайграла чвэрцьфінал у Ташкенце. Вера (64-я ракетка свету) змагалася з Монай Бартэль з Нямеччыны (94-ым нумарам сусветнага рэйтынгу). Лапко нарабіла мноства нязмушаных памылак, двайных хібаў пры сваёй падачы і ў выніку саступіла ў дзвюх партыях – 3:6, 5:7.

Беларускае Радыё Рацыя