Украіна не паедзе на чэмпіянат свету ў Расею



9 кастрычніка вызначыліся яшчэ некалькі ўдзельнікаў фінальнай часткі чэмпіянату свету. Фінішавалі яшчэ тры адборавыя кампаніі. Увага многіх беларусаў была прыцягнута найперш да групы „І”, дзе Ўкраіна змагалася з Харватыяй. Умоўна за другое месца, паколькі прагназавалася, што ў паралельным паядынку рамантычная Ісляндыя разбярэцца з дружынай Косава і першынствуе.

Першыя таймы ўсіх 9 матчаў дня праходзілі надзвычай натужна. За гэты час толькі Македонія двойчы забіла Ліхтэнштайну ды перад самым перапынкам поспех святкавалі ісляндцы – мяч запісаў на свой актыў Гільфі Сігурдсан. На 68-й хвіліне Ёхан Гудмундсан забіў другі мяч і астравіцяне маглі расслабіцца. Выніковыя 2:0 на радасць Ісляндыі.

На 62-й хвіліне простую, але эфектную камбінацыю разыгралі харваты – Лука Модрыч падаў у цэнтр штрафной, а там Андрэй Крамарыч у высокім скачку галавой загнаў мяч у сетку. На 70-й хвіліне ён жа скарыстаўся правалам украінскай абароны і аформіў дубль. Усё стала ясна. Украіна два гады не прайгравала на сваім полі, але ў гэтым, сама важным паядынку, выглядала як менш класны баксёр. Выніковыя 2:0 на карысць Харватыі. 

1. Ісляндыя – 22 ачкі, 2. Харватыя – 20, 3. Украіна – 17, 4. Турцыя – 15, 5. Фінляндыя – 9, 6. Косава – 1.

Доўга трывала інтрыга і ў групе „D”, дзе ажно тры зборныя прэтэндавалі на першае месца. Найлепшыя шанцы былі ў Сербіі, якая прымала аўтсайдара Грузію. Але і тут балканцы сустрэлі супраціў. Толькі на 84-й хвіліне на сербаў звалілася шчасце ў выглядзе голу Аляксандра Прыёвіча. У канцы на табло гарэлі патрэбныя гаспадарам лічбы 1:0.

У брытанскім дэрбі Уэльс-Ірляндыя гаспадары поля выступалі без свайго лідара Гарэта Бэйла. На 57-й хвіліне Джэймс Маклін засмуціў гаспадароў. Гэты гол застаўся адзіным – 1:0 на карысць Ірляндыі.

1. Сербія – 21 ачко, 2. Ірляндыя – 19, 3. Уэльс – 17, 4. Аўстрыя – 15, 5. Грузія – 5, 6. Малдова – 2.

Усё спакойна і вядома заранёў было толькі ў сэкстэце „G”, дзе Іспанія першынствавала датэрмінова, а Італія зарэзервавала за сабой другую пазіцыю. Апошнія сустрэчы ў групе пераўтварыліся ў фармальнасць. Іх вынікі такія: Ізраіль-Іспанія – 0:1, Албанія-Італія – 0:1, Македонія-Ліхтэнштайн – 4:0.

1. Іспанія – 28 ачкоў , 2. Італія – 23, 3. Албанія – 13, 4. Ізраіль – 12, 5. Македонія – 11, 6. Ліхтэнштайн – 0.

Такім чынам прамыя пуцёўкі ў фінальную частку мундыяля ад Еўропы ўжо заваявалі Бельгія, Англія, Германія, Польшча, Іспанія, Ісляндыя, Сербія.

У стыкавы раўнд за розыгрыш яшчэ 4-х месцаў выйшлі Паўночная Ірляндыя, Данія, Грэцыя, Італія, Ірляндыя і Харватыя. Не пашанцавала камандзе Славаччыны, якая па дадатковых паказніках, засталася 9-й лішняй з другіх месцаў.

Заўтра на першага-другога разлічацца завочна Францыя і Швецыя, непасрэдна Швайцарыя і Партугалія. 

Беларускае Радыё Рацыя