Украіна не выключае байкоту Алімпіяды з-за допуску беларусаў і расейцаў



Украіна, відаць, не выключае байкоту Алімпіяды ў Парыжы з-за допуску беларусаў і расейцаў у нейтральным статусе. Гэта вынікае з заявы выканаўцы абавязкаў міністра моладзі і спорту Украіны Мацвея Біднага.
«Нейтральнасць у часы, калі ў Еўропе працягваецца самая кровапралітная вайна з часоў Другой сусветнай і адна нацыя спрабуе знішчыць іншую, азначае безадказнасць і маўклівае папушчальніцтва забойцам», – цытуе яго словы hromadske.ua. Бідны здзіўляецца, чаму Міжнародны алімпійскі камітэт так спяшаўся, бо нядаўна яго прэзідэнт Томас Бах казаў, што рашэнне з’явіцца толькі ў сакавіку 2024-га. Тым часам беларускіх і расейскіх лёгкаатлетаў не будзе на Алімпіядзе ў Парыжы ў 2024-м. Міжнародная асацыяцыя лёгкаатлетычных федэрацый (World Athletics) не стала здымаць з іх адхіленне ад міжнародных спаборніцтваў.

Хакеісты «Віцебска» і «Шахцёра» дамагліся чарговых перамог у матчах экстралігі

Трыма матчамі ў Салігорску, Оршы і Маладзечне працягнуўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі.
Лідэр сезона «Віцебск» гасцяваў у суседзяў з «Лакаматыва» і ўпэўнена перамог 4:0. Гэтая вікторыя стала для «мядзведзяў» пятай у шасці апошніх матчах, паўночная каманда працягвае ўзначальваць турнірную табліцу, набраўшы 54 балы за 32 матчы.
Усяго на два ачкі ад падначаленых Рамана Юпатава адстае галоўны пераследнік – «Шахцёр», які на сваім лёдзе нанёс паразу «Лідзе» – 2:0. Паралельна «Дынама-Маладзечна» на хатняй арэне разабраўся з аўтсайдэрам сезона «Магілёвам» 3:1 і замацаваўся ў зоне плэй-ін экстралігі.

Беларускія самбісткі выйгралі два золаты ў фінале турніру Гран-пры ў Верхняй Пышме

У горадзе Верхняя Пышма Свярдлоўскай вобласці завяршыўся фінальны этап міжнародных спаборніцтваў па самба Гран-пры.
Удзел у спаборніцтвах прынялі самбісты з Беларусі, Расеі, Казахстана, Таджыкістана, Узбекістана, Кыргызстана і Арменіі. Вырашальны старт турніру ў выніку прынёс беларускай камандзе два медалі – абедзве вышэйшай пробы. У вазе да 65 кг лепшай стала Даніэла Ждан, якая перамагла ў фінале прадстаўніцу Расеі Мілену Хілаву. На верхнюю прыступку пʼедэстала ў катэгорыі 80 кг узнялася Карына Шут, якая ў «залатым» паядынку адолела расейку Дарʼю Рэчкалаву.

Тандрэвалд перамагла ў спрынце на другім этапе Кубка свету па біятлоне

У аўстрыйскім Хохфільцэне стартаваў другі этап Кубка свету па біятлоне.
Следам за мужчынамі на старт спрынтарскай гонкі выйшлі жанчыны. Хутчэй за ўсіх дыстанцыю 7,5 км з двума агнявымі рубяжамі пераадолела Інгрыд Тандрэвалд – гэта асабістая перамога стала нарвежскай біятланісткі другой у карʼеры на этапах Кубка свету. Вынік Інгрыд на фінішы апынуўся на пяць секунд лепшы за час шведкі Эльвіры Эберг. Трэцюю пазіцыю заняла францужанка Жусцін Брэза-Бушэ, якой у барацьбе за бронзу толькі 0,3 секунды прайграла Лена Хекі-Грос са Швейцарыі. Лідэрства ў агульным заліку захапіла Лу Жанмона з Францыі, якая апераджала Тандрэвалд на 12 ачкоў.

Беларускае Радыё Рацыя