Украіна стала апошнім чвэрцьфіналістам чэмпіянату Еўропы!
29 чэрвеня вызначыліся ўсе пары чвэрцьфіналістаў. Дуэты прэтэндэнтаў выглядаюць так:
Бельгія – Італія
Іспанія – Швайцарыя
Англія – Украіна
Данія – Чэхія
Апошні чвэрцьфіналіст вызначаўся ў сустрэчы, якая адбылася ў Глазга. На полі змагаліся дзве жоўта-блакітныя дружыны – Украіны і Швецыі.
Лік быў адкрыты на 27-й хвіліне, калі ўкраінец Аляксандр Зінчанка хвостка прабіў па браме шведаў. На 43-й хвіліне яскравы лідар скандынаваў Эміль Форсберг параўняў лік – 1:1. У другім тайме галоў не здарылася. Пры тым спярша Сідарчук трапіў у штангу, а потым Форсберг праверыў на трываласць ужо штангу і папярэчыну брамы Георгія Бушчана. Асноўны час гульні так і скончыўся – 1:1.
У дадатковы час за жорсткі фол быў выдалены абаронца Швецыі Маркус Даніэльсан. Гэта дало перавагу ўкраінцам. Яны доўга трымалі мяч і ўрэшце дамагліся свайго – на 122-й хвіліне матча Зінчанка выканаў акцэнтаваную падачу ў штрафную, а рэзервіст Арцём Доўбік галавой пераправіў мяч у сетку – 2:1!
Прыпомнім, што Украіна раней прабівалася ў чвэрцьфінал чэмпіянату свету – у 2006 годзе. Зараз такое ўдалося камандзе Андрэя Шаўчэнкі на Еўра.
Беларускае Радыё Рацыя