Украіна з першага месца выйшла на Еўра-2020



Футбалісты зборнай Украіны святкавалі шостую перамогу ў адборавым турніры чэмпіянату Еўропы-2020, абыграўшы партугальцаў з лікам 2:1.

Перамогу над дзеючымі чэмпіёнамі Еўропы, партугальцамі, забяспечылі галы Рамана Ярэмчука і Андрэя Ярмоленкі. Першы раз каманда Андрэя Шаўчэнкі вызначылася на 6-й хвіліне. Пасля падачы кутавога брамнік партугальцаў Руй Патрысіу адбіў мяч перад сабой, а Ярэмчук на дабіванні быў дакладны. Другі гол украінцаў быў забіты на 27-й хвіліне. Андрэй Ярмоленка замкнуў перадачу Віталя Міколенкі з левага фланга.

У другім тайме партугальцы скарацілі разрыў у ліку пасля гола з пенальці Крышціяну Раналду. Суддзя не толькі паказаў на кропку, пасля таго як мяч трапіў у руку Тараса Сцепаненкі, але і выдаліў яго з поля. Пасля ўкраінцы адбіваліся і дамагліся перамогі, якая вывела іх у фінальную частку чэмпіянату Еўропы – 2020. Яшчэ ў адным паядынку кваліфікацыйнай групы В зборная Сербіі перамагла Літву – 2:1. У іншых сустрэчах, у групе А: Балгарыя буйна саступіла Англіі – 0:6, а Косава – абыграла Чарнагорыю – 2:0. У групе Н  Францыі яшчэ давядзецца пачакаць з заваяваннем пуцёўкі на Еўра, бо на хатняй арэне французы згулялі ўнічыю з Турцыяй – 1: 1, Ісландыя абыграла Андору – 2: 0, а Малдова саступіла Албаніі – 0:4.

Два медалі беларускіх змагароў-вольнікаў на турніры ў Якуцку

Беларускія змагары вольнага стылю Нюргун Скрабін у вазе 65 кг і Іван Янкоўскі ў вазе 92 кг выйгралі срэбраны і бронзавы медалі прадстаўнічага міжнароднага турніру, прысвечанага памяці заслужанага трэнера СССР Дзмітрыя Коркіна, у Якуцку. Міжнародны турнір памяці Дзмітрыя Коркіна сабраў каля 200 атлетаў з 30 краін, у тым ліку змагароў Расеі, ЗША, Ірана, Грузіі, Японіі, Азербайджана, Турцыі і Кубы. У ліку суіскальнікаў узнагарод былі пераможцы, прызёры алімпіяд, чэмпіянатаў свету і кантынентальных першынстваў.

Чатыры «зубры» камандзіраваны ў «Юнацтва» на матч з «Пеліканс»

Хакеісты сталічнага „Дынама” Арцём Аносаў, Раман Дзюкаў, Міхаіл Стэфановіч і Андрэй Паўленка накіраваны ў размяшчэнне клуба „Юнацтва-Мінск” перад заключным матчам групавога раўнду Лігі чэмпіёнаў. З’яўленне дынамаўскага квартэта ў камандзе разглядаецца як дапамога падначаленым Аляксандра Макрыцкага ў паядынку супраць фінскай каманды „Пеліканс”. Матч заключнага тура групавога этапу Лігі чэмпіёнаў, у якім „Юнацтва” прыме каманду з Лахці, адбудзецца сёння.

У гасцявой гульні беларусы былі мацней за фінаў – 4:2.

Чэх здзейсніў мару дзяцінства і стаў хакейным брамнікам

Легендарны экс-галкіпер „Чэлсі” і „Арсенала” Петр Чэх, які завяршыў футбольную кар’еру некалькі месяцаў таму, паспяхова дэбютаваў у шэрагах хакейнай каманды „Гілдфард Флэймс”, выканаўшы мару дзяцінства. Больш за тое, ён стаў адным з галоўных аўтараў перамогі над „Суіндан Уайлдкэц” у матчы другой брытанскай лігі. Сустрэча завяршылася серыяй штрафных кідкоў, па ходзе якой Петр Чэх адбіў два буліты.

Федэрэр плануе прыняць удзел у Алімпіядзе ў Токіо

Швейцарскі тэнісіст Роджэр Федэрэр заявіў, што выступіць на Алімпійскіх гульнях 2020 года, якія пройдуць у Токіо. „Спрачаўся са сваёй камандай ужо некалькі тыдняў ці месяцаў, што павінен рабіць летам 2020 года пасля Уімблдона і перад Адкрытым чэмпіянатам ЗША. У рэшце рэшт сэрца вырашыла, што зноў згуляю на Алімпійскіх гульнях”, – сказаў тэнісіст. Роджэр Федэрэр чатыры разы браў удзел у Алімпійскіх гульнях.  Гульні ў Рыа-дэ-Жанейра тэнісіст прапусціў з-за рэабілітацыі пасля аперацыі на калене. Швейцарац стаў алімпійскім чэмпіёнам у 2008 годзе ў парным разрадзе (разам са Стэнам Ваўрынкам) і срэбраным прызёрам Алімпійскіх гульняў-2012 у адзіночным разрадзе.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота fakty.ua