Украінка Ганна Музычук выйшла ў фінал ЧС па шахматах



Украінская гросмайстарка Ганна Музычук выйшла ў фінал чэмпіянату свету па шахматах, што праходзіць у сталіцы Ірану Тэгеране. У паўфінале яна адолела прадстаўніцу Расеі Аляксандру Касцянюк2-0.  

Другую партыю ўкраінка гуляла белымі і перамагла ўжо на 30-ым ходзе. Першая партыя была намнога складанейшай – у ёй таксама выйграла Музычук, толькі чорнымі фігурамі і на 64-ым ходзе.

У фінальным паядынку ўкраінка згуляе з пераможцай пары Тан Жангуй (Кітай) – Харыка Дронавалі (Індыя). У першай партыі белымі выйграла кітайка.

Трэба заўважыць, што паводле патрабаванняў арганізатараў удзельніцы чэмпіянату гуляюць у хіджабах, якія, праўда, больш нагадваюць нашы хусткі.

Мінулагодняй чэмпіёнкай свету стала іншая кітайка – Хоў Іфань, якая летась у Львове ў фінале адолела родную сястру Ганны Музычук – Марыю.

Беларускае Радыё Рацыя